Слова “праваслаўе”, па-грэчаску “артадоксія”, азначае праўдзівую веру і праўдзівае пакланенне Госпаду Богу. Тут гаворка ідзе не пра праваслаўе, якое мы сёння разумеем у канфесійным значэнні на супрацьвагу Каталіцкай Царкве, а пра праваслаўе, якое было агульным для ўсёй Царквы Хрыстовай да расколу Усходняй і Заходняй Цэркваў у ХІ стагоддзі.
Праваслаўе, якое адзначаецца ў гэтую нядзелю, – гэта ўсеагульнае каталіцкае праваслаўе, прызнанае ўсёй Царквой Хрыстовай першага тысячагоддзя ў барацьбе супраць ерасі іканаборства. Таму Нядзеля праваслаўя – гэта ўрачыстасць усёй Царквы, Усходняй і Заходняй, радаснае святкаванне канчатковай перамогі над іканаборствам і іншымі ерасямі.
Нядзелю праваслаўя ўстанавіў і загадаў штогод святкаваць Канстанцінопальскі сабор у 842 годзе. Мэтай гэтага свята з’яўляецца публічнае і ўрачыстае ўшанаванне святых іконаў Ісуса Хрыста, Найсвяцейшай Дзевы Марыі і святых. Паколькі першая ўрачыстасць праваслаўя, г. зн. публічнае ўшанаванне святых іконаў пасля асуджэння іканаборства, адбылося ў першую нядзелю Вялікага посту ў 842 г., то гэтая нядзеля засталася да сённяшняга дня нядзеляй шанавання святых іконаў, хоць гэтая ўрачыстасць сама па сабе не мае нічога агульнага з Вялікім постам.