Мудры руплівы пастыр – сьв. Палікарп Сьмірнскі, нарадзіўся ў Эфэсе паміж 70 і 80 гадамі, г. зн. у часах апостальскіх, у грэцкай сям’і, верагодна хрысьціянскай, быў ахрышчаны дзіцём.
Быў вучнем сьв. апостала Яна (памяць 5 траўня), біскупа Эфэсу, таму сьв. Яўсей надае яму тытул “муж апостальскі”. Сам апостал Ян прызначыў яго біскупам Сьмірны ў 30-гадовым узросьце. Сьв. Палікарп выконваў гэты абавязак на працягу 50 гадоў, здабыўшы сабе вялікі аўтарытэт у самім горадзе і па-за яго межамі.
Сьведчаньне ягонай сьмерці было напісана на працягу году. Трываў перасьлед хрысьціянаў. Да васьмідзесяцігадовага біскупа выправілі групу жаўнераў, і тыя зьдзекам змусілі некага з хатніх выдаць яго. Схоплены, ён прымае перасьледнікаў спакойна, дае ім пасілак, просячы толькі пра хвіліну малітвы, якая трывае некалькі гадзінаў. Нарэшце сьвятога мучаніка прывялі ў цырк, дзе праконсул безвынікова намагаўся схіліць Палікарпа адрачыся Хрыста. Усе забавы ўжо скончыліся, таму ён мусіць быць спалены. Тут сьв. Палікарп маліўся, дзякуючы Богу за ўсё. Паколькі быў моцны вецер, ён быў забіты мячом. Ягонае цела спалілі, але хрысьціяне сабралі рэшткі, каб каля іх урачыста сьвяткаваць угодкі ягонага мучаніцтва – нараджэньня для Неба. Здарылася гэта 22/23 лютага 155 або 166 году.
У апісаньні мучаніцтва сьв. Палікарпа чытаем: “Сабралі мы ягоныя косьці, больш вартыя за каштоўныя камяні і золата. Склалі мы іх у годным месцы. Тут, па магчымасьці, будзем зьбірацца, каб з Божаю дапамогай сьвяткаваць у радасьці ўгодкі таго дня, у які Палікарп сваім мучаніцтвам нарадзіўся для Бога”.
Целы мучанікаў стаюцца ў хуткім часе прадметам асаблівай пашаны, першай формай культу сьвятых. У такі спосаб зьявіўся звычай адпраўляць Эўхарыстыю ў месцах, дзе былі пахаваныя целы мучанікаў. Захаваньне мошчаў у алтарах паходзіць з гэтага вельмі даўняга звычаю.