Апостал дняБраты, вераю Майсей, у сталым веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай, і лепей …

Апостал дня

Браты, вераю Майсей, у сталым веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай, і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую, грахоўную асалоду, і зьневажаньне Хрыстовае палічыў большым сабе багацьцем, чым Егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на аддзяку.

І што яшчэ скажу? Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў, якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам, тушылі сілу агню, пазьбягалі вострага мяча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў; жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, не прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрасеньне; іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу. Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад мяча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне; тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных.

І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага, таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці. Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі, гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага. (Габр. 11, 24-26. 32 – 12, 2)