Сьвятая Еўдакія паходзіла з Геліопаля ў Феніцыі (цяпер Ліван) і жыла ў часы цэзара Траяна (98-117). Напачатку вяла вельмі свавольнае жыцьцё, прыцягвала да сябе мужчынаў сваёй прыгажосьцю, зьбірала вялікае багацьце.
Аднойчы яна пачула, як нейкі ераманах Герман гаворыць пра Бога, веру, пакаяньне. Тады адразу паверыла ў Хрыста і прыняла хрост.
Мела таксама відзеньне: бачыла, як анёл вёў яе на неба, і вакол шматлікіх духаў бесьцялесных, якія цешыліся з ейнага навяртаньня, толькі адзін чорны, страшны з выгляду, рыкаў і енчыў, бо страціў адну грэшніцу.
Сьвятая раздала сваю маёмасьць бедным і выправілася ў манастыр, дзе верна выконвала Божыя прыказаньні, змагалася з грахамі, здабывала цноты.
Ранейшыя яе прыяцелі, незадаволеныя ейным навяртаньнем, учынілі, каб яна стала перад цэзарам Адрыянам (117-138); і тут сваімі малітвамі і аздараўленьнем дзіцяці цэзара навярнула і яго да веры ў Хрыста.
Пазьней яшчэ раз мусіла стаць перад цэзарам, але зноў дзякуючы цудам, якія яна ўчыніла, была вызваленая.
Нарэшце наступны цэзар Вінцэнт загадаў яе забіць. Сталася гэта каля 152 ці 160-170 г.