У шэсьцьсотым годзе жыцьця Ноя, у другі месяц, сямнаццаты дзень месяца, адчыніліся крыніцы вялікай бездані і вокны неба адкрыліся, і дождж на зямлю падаў сорак дзён і сорак начэй.
У той самы дзень увайшоў у каўчэг Ной, і сыны Ноя Сім, Хам і Яфэт, і жонка Ноя, і жонкі сыноў Ноя з імі. Яны і ўсе зьвяры (зямныя), паводле роду іх, і ўсякая жывёла паводле роду яе, і ўсе паўзуны паводле роду іх, і ўсе птушкі, што лётаюць у паветры, паводле роду іх. І ўвайшлі яны ў каўчэг да Ноя па пары (мужчынскага роду і жаночага) ад кожнага стварэньня, што мае дух жыцьця. І ўвайшлі ўсе да Ноя ў каўчэг па пары – мужчынскага роду жаночага, як загадаў Госпад Бог. І зачыніў Госпад Бог за імі каўчэг звонку.
І дождж прадаўжаў ісьці сорак дзён і сорак начэй на зямлю, і вада падняла каўчэг высока над зямлёю; і вада ўсё ўзнімалася над зямлёю, а каўчэг плаваў па паверхні вады. Вада ўзьнімалася вышэй і вышэй, і пакрыла горы высокія, што былі пад небам. Вада ўзьнялася на пятнацаць локцяў, і пакрыла ўсе горы высокія. І памерлі ўсе істоты, што былі на зямлі – птушкі, жывёла і зьвяры, і паўзуны, што поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі. І ўсё што мела дух жыцьця, усё, што было на сушы, згінула. Былі вынішчаныя ўсе істоты, што на паверхні зямлі, ад чалавека да жывёлы, паўзуноў і птушак нябесных – усё было вынішчана на зямлі. І застаўся Ной адзін, і тыя што былі з ім у каўчэзе.
І вада ўзвышалася над зямлёю сто пяцьдзясят дзён. І ўспомніў Бог Ноя, і ўсіх зьвяроў, жывёлу і ўсіх птушак, і паўзуноў, што былі разам з ім у каўчэзе. І навёў Бог вецер на зямлю, і воды затрымаліся. І зачыніліся крыніцы бездані і вароты нябесныя: і перастаў дождж з неба, і вада пайшла ўніз пасьля ста пяцідзесяці дзён. (7:11–8:3)