Сьвяты Казімер (3 кастрычніка 1458 — 4 сакавіка 1484) — каралевіч польскі і вялікі княжыч літоўскі, ушаноўваецца як заступнік земляў колішняга Вялікага Княства Літоўскага, сьвяты патрон Вільні, Ружанаў, Гарадзенскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі, а таксама Літвы і некаторых дыяцэзіяў у Польшчы. Апякун моладзі, рамесьнікаў і майстроў.
Быў другім сынам караля і вялікага князя Казімера Ягайлавіча і ягонай жонкі Альжбеты Аўстрыйскай. Сам кароль і каралева былі надзвычай пабожнымі і давалі вельмі добры прыклад сваім дзецям. Кароль цьвёрда прытрымліваўся правілаў маралі, заўсёды стрымліваў дадзенае слова і быў справядлівым, не ўжываў алкаголю, а на пірах піў толькі ваду. Каралева вельмі шанавала Найсьвяцейшую Дзеву Марыю, уласнымі рукамі яна шыла і вышывала літургічную вопратку і абрусы на алтар, а таксама шчодра ахвяравала на храмы і манастыры. Шмат часу яна прысьвячала выхаваньню дзяцей (6 сыноў і 7 дачок). Яна клапацілася аб тым, каб дзеці атрымалі належную адукацыю, выхоўвала ў іх чуласьць да добрага і прыгожага. У той жа час каралеўскія дзеці выхоўваліся вельмі сурова.
Каралевіч Казімер атрымаў добрую рэлігійную і гуманітарную адукацыю. Сярод ягоных настаўнікаў галоўным быў гісторык, пісьменьнік і сьвятар Ян Длугаш, які пісаў пра каралевіча Казімера: «Ён быў высакародным маладым чалавекам рэдкіх здольнасьцяў, розуму і выключнай памяці». Яго выхоўвалі як будучага караля вугорскага, бо ягоная маці была адзінай законнай спадчыньніцай чэшскага і вугорскага пасадаў. Аднак у 1471 годзе, калі яго старэйшы брат Уладзіслаў стаў каралём Чэхіі, а яго запрасілі на пасад у Вугоршчыну, каб пазьбегнуць братазабойчай вайны паміж рознымі партыямі, ён адмовіўся ад прэтэнзіяў на карону.
У 1472 г. каралевіч разам з усёй сям’ёй зьдзейсьніў пілігрымку на Ясную Гару, дзе перад цудадзейным абразом Маці Божай Чанстахоўскай склаў зарокі вечнай чыстасьці.
Прыродныя здольнасьці, набытая ўсебаковая адукацыя з веданьнем розных моваў, здольнасьць яднаць людзей — усе гэтыя якасьці спрыялі таму, што маладога каралевіча паступова прыцягвалі да ўдзелу ў вырашэньні справаў па кіраваньні краінай. Яго бацька, кароль Казімер ІV Ягелончык, бачыў у ім свайго наступніка, спадкаемцу польскага і вялікалітоўскага пасаду. З гэтага часу каралевіч часта наведваў Вільню. Малады Казімер не цураўся ўлады, але хацеў напоўніць яе духам Евангельля.
Ён вызначаўся асаблівай чысьцінёю духа і міласэрнасьцю, быў шчырым ушанавальнікам Еўхарыстыі і Найсьвяцейшай Багародзіцы. Доўгія гадзіны ўдзень і ўначы каралевіч Казімер праводзіў у малітве, стоячы на каленях нават перад зачыненымі дзьвярыма сьвятыні. Патаемна ад усіх практыкаваў цялесныя пакуты: апранаў валасяніцу і спаў на голай зямлі.
Калі яго настаўнік Ян Длугаш запытаў, што прыносіць яму самую вялікую асалоду, той адказаў: «Малітва ў касьцёле пры алтары, дзе я хацеў бы заставацца як мага даўжэй». Для сьв. Казімера гэта было больш прыемным, чым паляваньне, танцы ці іншыя забавы, характэрн