Сьвятыя Яўтроп і Кляонік жылі ў часы цэзара Максіміяна (285-305), былі роднымі братамі і сябрамі сьв. Тодара Тырона, а сьвяты Васіліск – ягоным стрыечным братам.
Пасьля мучаніцкай сьмерці Тодара Тырона яны апынуліся ў вязьніцы ў Амасіі, дзе навярнулі шмат паганаў у хрысьціянскую веру.
За адважнае вызнаньне веры іх аддалі на вялікія пакуты. Іх целы калечылі жалезнымі прыладамі, раны палівалі воцатам і пасыпалі сольлю.
Мучанікам зьвіўся Хрыстос і аздаравіў іх. Многія з паганаў, што гэты цуд бачылі, паверылі ў Хрыста і тут жа былі забітыя мячом.
Нарэшце, бачачы нязломную веру мучанікаў, для іх падрыхтавалі тры катлы з кіпячай смалой і вапнай, куды і ўкінулі сьвятых. Але яны выйшлі адтуль непашкоджанымі.
Тады Яўтропа і Кляоніка расьпялі, а Васіліска кінулі ў вязьніцу, дзе ён праз год, 22 траўня, памёр.