Чытаньне з кнігі Роду на Вячэрні ў Вялікі постДваццаць сёмага дня сёмага месяца каўчэг сеў на гора…

Чытаньне з кнігі Роду на Вячэрні ў Вялікі пост

Дваццаць сёмага дня сёмага месяца каўчэг сеў на горах Арарацкіх. Вада ўсё асядала аж да дзясятага месяца. У першы дзень дзясятага месяца паказаліся вершаліны гораў. А пасьля сарака дзён Ной адчыніў акно зробленага ім каўчэга і выпусьціў ворана (пабачыць, ці адступіла вада з паверхні зямлі); і той паляцеў і не вярнуўся, аж пакуль не высахла вада на паверхні зямлі. І паслаў за ім галубку пабачыць, ці не адступіла вада з паверхні зямлі. Галубка, не знайшоўшы месца, дзе сесьці, вярнулася ў каўчэг, бо яшчэ вада была на ўсёй паверхні зямлі. І ён, працягнуўшы руку, схапіў яе і ўзяў у каўчэг. Пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў паслаў галубку з каўчэгу; і вярнулася яна пад вечар, маючы ў дзюбе сьвежую галінку аліўную з лісьцямі. Ной зразумеў, што вада адступіла з паверхні зямлі. І, пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў паслаў галубку, і тая не вярнулася больш.

У шэсьцсот першы год жыцьця Ноя, у першы дзень першага месяца, высахла вада на паверхні зямлі; і, адчыніўшы страху зробленага ім каўчэга, Ной убачыў, што вада высахла на паверхні зямлі. У другі месяц, у дваццаць сёмы дзень месяца, высахла зямля.

І сказаў Госпад Бог Ною гэтыя словы: “Выйдзі з каўчэгу, ты і жонка твая, і сыны твае, і жонкі сыноў тваіх з табою; і ўсе зьвяры што з табою, і ўсякі род птушак, жывёлы і ўсіх паўзуноў, што поўзаюць па зямлі. Выведзі іх з сабою: хай растуць і размнажаюцца”. І выйшаў Ной і жонка ягоная, і сыны і жонкі сыноў яго з ім. І ўсе зьвяры і жывёла, і ўсе птушкі, і паўзуны, што поўзаюць па зямлі, кожны паводле свайго роду на зямлі, выйшлі з каўчэгу. І збудаваў Ной ахвярнік Госпаду і, узяўшы ад усіх зьвяроў чыстых і птушак чыстых, прынёс іх як цэлапальную ахвяру. І Госпад пачуў прыемны пах. (8:4–21)