Церпячы мужна дачаснае, цешачыся надзеяю, сьвятыя мучанікі казалі адзін аднаму: “Мы ня скінулі вопр…

Церпячы мужна дачаснае, цешачыся надзеяю, сьвятыя мучанікі казалі адзін аднаму: “Мы ня скінулі вопратку сваю, але адклалі старога чалавека. Лютая зіма, але салодкі рай; балюча мерзнуць да сьмерці, але ласкавая радасьць, што чакае нас. Дык не заломімся, сябры па зброі! Пацерпім крыху, каб атрымаць вянцы перамогі ад Хрыста і Збаўцы душаў нашых.

Скінуўшы ўсю вопратку і ўвайшоўшы без трапятаньня ў возера, сьвятыя мучанікі казалі адзін аднаму: “Дзеля раю, які мы страцілі, не пашкадуем сёньня тленнай вопраткі, у якую мы былі апранутыя з-за згубнага зьмея і якую мы цяпер адкідаем у надзеі агульнага ўваскрасеньня. Ня будзем зважаць на лёд, за нішто палічым пакуты цялесныя, каб нам атрымаць вянцы перамогі ад Хрыста і Збаўцы душаў нашых.

Гледзячы на цярпеньні як на асалоду, бегучы да замерзлага возера, як да жаданай цеплыні, сьвятыя мучанікі казалі: “Не спалохаемся часу зімовага, каб нам пазьбегнуць страшнага агню пякельнага; хай згіне нага, каб нам цешыцца вечна; хай адымецца рука, каб нам толькі ўзьняцца да Госпада. Не пашкадуем сьмяротнай прыроды, лепш прымем сьмерць, каб нам атрымаць вянцы перамогі ад Хрыста і Збаўцы душаў нашых.