У 313 годзе імператар Канстанцін Вялікі падпісаў закон аб свабодзе вызнання веры. Яго суправіцель імператар Ліцыній таксама падпісаў гэты закон, але ў падуладных яму абласцях ганенні на хрысціянаў працягваліся.
Каля 320 года ў горадзе Севастыі ў Арменіі стаяла рымскае войска. У войску знаходзілася 40 воінаў-хрысціянаў родам з Кападокіі (цяпер на тэрыторыі Турцыі). Военачальнік Агрыкала прымушаў іх прынесці ахвяру ідалам, але ваяры адмовіліся.
Тады воінаў арыштавалі і звязанымі павялі да возера непадалёк ад горада Севастыі. Стаяла зіма, вечарэла. Воінаў распранутымі паставілі ў пакрытае лёдам возера. Страшэнная сцюжа скавала святых пакутнікаў, і яны пачалі замярзаць.
Мука гэтая была для іх асабліва цяжкай, таму што на беразе возера для спакусы была пастаўлена цёплая лазня. Хто хацеў уратаваць сваё жыццё, павінен быў заявіць турэмнаму вартавому, што ён адрокся ад Хрыста, і тады ён мог увайсці ў цёплую лазню і адагрэцца.
Усю ноч воіны мужна пераносілі люты мароз, падбадзёрваючы адзін аднаго і спяваючы святыя гімны Богу. На досвітку адзін з воінаў не вытрымаў пакут. Ён выйшаў з возера і паспяшаўся да лазні. Але як толькі цёплае паветра дакранулася да яго цела, ён упаў мёртвым.
Неўзабаве пасля гэтага турэмны вартавы Аглай убачыў, як над пакутнікамі, якія засталіся ў возеры, заззяла незямное святло. Аглаі быў так уражаны гэтым цудам, што, абвясціўшы сябе хрысціянінам, скінуў з сябе вопратку і далучыўся да 39 пакутнікаў. Каты, якія прыйшлі праз нейкі час, убачылі, што воіны-хрысціяне не толькі не замерзлі, але, так выглядала, нават адагрэліся.
Тады каты молатамі перабілі ім галені і пакідалі ў агонь, а потым абвугленыя косткі пакутнікаў скінулі ў раку. Праз тры дні пакутнікі з’явіліся біскупу Севастыйскаму Пятру і распавялі пра свой подзвіг. Біскуп Пётр сабраў іх косткі і з пашанай пахаваў. Імёны пакутнікаў захаваліся: Кірыён, Кандыд, Домн, Ісіхій, Іраклій, Смарагд, Яўноік, Валент, Вівіян, Клаўдзій, Прыск, Тэадул, Яўтыхій, Ян, Ксанфій, Іліян, Сысыній, Агей, Аэтый, Флавій, Акакій, Якдэкій, Лісімах, Аляксандр, Ілій, Гаргоній, Тэафіл, Даміцыян, Гаій, Лявонцій, Атаназій, Кірыл, Сакердон, Мікалай, Валерый, Філіктымон, Саверыян, Худыён, Мелітон і Аглай.
Памяць 40 мучанікаў адносіцца да кола найбольш шанаваных святаў. У дзень іх памяці, 9 сакавіка, палягчаецца строгасць Вялікага Посту і служыцца Літургія Раней Асвячаных Дароў.