Вучэнне Айцоў«Няхай мудрэц не хваліцца мудрасцю сваёй, моцны хай не хваліцца сваёю сілай, а багаты н…

Вучэнне Айцоў

«Няхай мудрэц не хваліцца мудрасцю сваёй, моцны хай не хваліцца сваёю сілай, а багаты няхай не хваліцца сваім багаццем» (пар. Ер 9, 22-23).

Дык чым жа па-сапраўднаму хваліцца і ў чым чалавек сапраўды вялікі? Бог кажа: «Няхай кожны хваліцца тым, што пазнае і зразумее, што Я ёсць Богам».

Узнёсласць чалавека, яго хвала і веліч заключаюцца ў тым, каб пазнаць, што насамрэч з’яўляецца вялікім, каб прымацавацца да гэтага і шукаць славы ў Госпада хвалы. Пра гэта кажуць словы Апостала: «Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Госпадзе», – бо, паводле таго ж св. Паўла, «Хрыстос стаў для нас мудрасцю ад Бога і справядлівасцю, і пасвячэннем, і адкупленнем, каб было, як напісана: Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Госпадзе» (1 Кар 1, 31).

Гэта і ёсць дасканалая і поўная хвала ў Богу, калі хтосьці не хваліцца сваёй праведнасцю, ведаючы, што ён насамрэч пазбаўлены праўдзівай праведнасці, але апраўданы толькі верай у Хрыста.

Уласна гэтым і хваліцца св. Павел, які пагарджае сваёй праведнасцю і шукае той, якую атрымаў праз Хрыста: праведнасцю ад Бога, праведнасцю ад веры. Так ён пазнае Хрыста і моц Яго ўваскрасення, бярэ ўдзел у Яго пакутах, прыпадобніўшыся да Яго смерці, каб хоць такім чынам дайсці да ўваскрашэння з мёртвых.

І тут знікае ўся надзьмутасць пыхі. Чалавеча, табе няма чым пахваліцца. Твая хвала і надзея заключаюцца ў тым, каб утаймоўваць усё, што тваё, і шукаць будучага жыцця ў Хрысце. Мы маем пачатак гэтага жыцця і ўжо знаходзімся ў ім, жывучы цалкам дзякуючы ласцы і дару Божаму.

«Гэта Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне паводле свайго ўпадабання» (Флп 2, 13). Бог аб’яўляе праз свайго Духа мудрасць сваю, якую прызначыў дзеля нашай хвалы.

Бог дае нам сілы і трываласць у працы. «Я працаваў больш за іх усіх, – кажа св. Павел, – ды і не я, а ласка Божая, што са мною» (1 Кар 15, 10).

Бог ратуе чалавека ад небяспекі насуперак усякай людской надзеі. Апостал кажа: «Самі ў сабе мы мелі прысуд смерці, каб ускладаць надзею не на саміх сябе, а на Бога, які ўваскрашае памерлых. Ён і ўратаваў нас і ратуе ад такой вялікай пагрозы смерці. На Яго мы ўскладаем надзею, што і надалей будзе ратаваць нас» (2 Кар 1, 10).

св. Васіль Вялікі