Падчас ганення на хрысціянаў у III стагоддзі адна набожная жанчына Руфіна ўцякла з Карынту ў горы, ратуючыся ад пераследавання. Там яна нарадзіла сына Кадрата і неўзабаве пасля родаў памерла. Провідам Божым немаўля засталося жыць. Дзяцінства і юнацкія гады святога Кадрата прайшлі ў пустыні.
Будучы ўжо дарослым, ён аднойчы сустрэў хрысціян, якія прасвяцілі яго святлом праўдзівай веры. Кадрат вывучыўся грамаце, а пазней вывучыў лекарскае мастацтва і дасягнуў у ім вялікіх поспехаў. Але больш за ўсё ён любіў пустэльнае бязмоўе і вялікую частку часу праводзіў у гарах, аддаючыся малітве.
Прайшло шмат гадоў. У пустыню да святога часта прыходзілі яго сябры і паслядоўнікі, каб паслухаць яго павучанні. Сярод іх былі Кіпрыян, Дыянісій, Анект, Павел, Крыскент і многія іншыя.
На загад ганіцеля хрысціянаў бязбожнага Дэцыя (249-251) у Карынт прыбыў военачальнік Ясон. Святы Кадрат быў схоплены разам са сваімі сябрамі і кінуты ў вязніцу. На допытах Ясон часцей за ўсё звяртаўся да Кадрата як старэйшага па ўзросту. Святы мужна абараняў сваю веру ў Хрыста. Тады яго пачалі катаваць. Святы Кадрат, нягледзячы на нялюдскія цярпенні, знаходзіў у сабе сілы падтрымліваць іншых, пераконваючы іх не страшыцца і цвёрда стаяць за веру.
Не дамогшыся ні ад каго адрачэння, Ясон загадаў кінуць пакутнікаў на разарванне звярам. Звяры ж не кранулі іх. Святых прывязалі за ногі да калясніц і валачылі па горадзе, многія з натоўпу кідалі ў іх камяні. Нарэшце пакутнікаў прысудзілі да засячэння мячом. На месцы пакарання смерцю святыя папрасілі сабе трохі часу для малітвы, а потым адзін за адным сталі падыходзіць да ката, схіляючы галаву перад занесеным мячом.
Астатнія вучні святога Кадрата таксама пацярпелі за Хрыста: Дыянісій, Віктарын, Віктар і Нічыпар, Клаўдзій, Дыядор, Сэрафіён, Папій і Леанід. Наследуючы мужчынаў, на мукі за Хрыста добраахвотна пайшлі і многія святыя жанчыны.