Пісанне кажа: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7). Міласэрнасць не апошняя сярод блаславенняў. У іншым месцы чытаем: «Шчаслівы, хто клапоціцца аб бедным і ўбогім» (пар. Пс 41 [40], 2). І яшчэ: «Шчаслівы той, хто міласэрны і пазычае» (Пс 112 [111], 5). Нарэшце: «Справядлівы цэлы дзень літуецца і дае ў пазыку» (пар. Пс 37 [36], 26). Возьмем жа гэтае блаславенне, няхай нас называюць спагадлівымі, будзем зычлівымі.
Няхай нават ноч не перапыняе тваіх міласэрных учынкаў! Не кажы: «Ідзі, прыйдзеш заўтра, і я дам табе». Няхай нішто не становіцца паміж тваім намерам і дабрадзействам. Бо толькі дабрадзейства не зносіць марудлівасці.
Дзяліся з галодным сваім хлебам, а ўбогіх і бяздомных прыводзь у свой дом (пар. Іс 58, 7). Рабі гэта радасна і ахвотна. Св. Павел кажа: «Хто выконвае ўчынкі міласэрнасці, няхай робіць гэта з радасцю» (пар. Рым 12, 8). Твой добры ўчынак будзе ўдвая лепшы, калі зробіш яго ахвотна і хутка. А тое, што робіш са смуткам і з прымусу, – непрыемнае і зусім не цудоўнае.
Трэба радавацца, а не сумаваць, калі мы робім дабро. «Калі ты прыбярэш перашкоды і перасуды, – кажа Ісая, – гэта значыць хцівасць і падазронасць, ваганні і нараканні, што тады адбудзецца?» Вялікая і вартая здзіўлення справа! Якая вялікая ўзнагарода за гэта! «Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне» (Іс 58, 8). Хто ж не чакае святла і аздараўлення?
Таму, калі на вашу думку, слугі Хрыстовы, браты і Яго спадкаемцы, мяне трэба хоць крыху паслухаць, тады будзем, пакуль можна, наведваць Хрыста, апекаваць Хрыста, карміць Хрыста, прытуляць Хрыста. Ушануем Яго не толькі гасціннасцю, як некаторыя, ці намашчэннем, як Марыя, не магілай, як Язэп з Арыматэі, і не тым, што звязана з пахаваннем, як той Нікадэм, які толькі напалову любіў Хрыста, ні, урэшце, золатам, кадзілам і мірам, як гэта зрабілі мудрацы да тых, каго мы згадалі, бо Уладар сусвету хоча міласэрнасці, а не ахвяры, бо міласэрнасць пераўзыходзіць усякае мноства тлустых ягнят. Такую цудоўную міласэрнасць праявім да Хрыста ва ўбогіх, якія сёння ляжаць распластанымі на зямлі, каб яны, калі мы сыдзем адсюль, прынялі нас у вечныя шатры ў самім Хрысце, нашым Госпадзе, якому навекі слава. Амін.
св. Рыгор Багаслоў