Госпад аб’явіў мне, і я так даведаўся аб гэтым. Ты паказаў тады мне іхнія падкопы. Я ж быў, як ягнё лагоднае, якое вядуць на зарэз, і ня ведаў, што ліхія думкі задумалі супраць мяне: “Зьнішчым дрэва разам з плодам яго, вырвем яго з зямлі жывых, каб імя ягонае больш ня згадвалася”.
Ты, Госпадзе сіл, судзіш справядліва, выпрабоўваеш нутро і сэрца. Дай мне пабачыць Тваю адплату ім, бо на Цябе я паклаўся ў справах маіх. Дзеля гэтага так кажа Госпад супраць мужоў Анатот, якія наступаюць на маё жыцьцё, кажучы: “Не прароч у імя Госпада, каб табе ня згінуць ад нашых рук”. Дзеля гэтага так кажа Госпад сіл: “Вось пакараю іх. Юнакі згінуць ад мяча, сыны і дочкі памруць з голаду. І ня будзе ў іх астатку, бо Я навяду няшчасьце на мужоў Анатот у год іхняга наведаньня”.
Ты, Госпадзе, маеш слушнасьць, калі спрачаюся з Табою; тым ня менш хачу зрабіць Табе закід. Чаму доля нязбожных шчасьлівая і ўсім вераломным добра жывецца? Ты іх насадзіў, і яны растуць, пускаюць карані і нават прыносяць плады. Ты блізкі да вуснаў іхніх, але далёка ад іхніх сэрцаў.
Мяне ж, Госпадзе, Ты бачыш наскрозь, Ты выпрабаваў мяне: сэрца маё з Табою. Адлучы іх, быццам тых авечак, прызначаных на зарэз, і падрыхтуй іх на дзень іхняга канца. Дакуль будзе зямля сумаваць, а трава сохнуць на ўсіх палях? З прычыны злосьці ейных жыхароў гінуць зьвяры і птушкі. Бо яны кажуць: “Ён нашага канца ня бачыць”. Калі ты бег з пешымі, і яны цябе замучылі, дык як пабяжыш навыперадкі з коньмі?
Хадзіце, зьбірайцеся, усе драпежныя зьвяры, кідайцеся на пажыву! Гурт пастухоў спустошыў мой вінаграднік, нагамі патаптаў маю частку, маю любую частку зрабіў пустым стэпам. Замяняюць усё на пустыню.
Так кажа Госпад: “Усіх маіх паганых суседзяў, што шарпаюць спадчыну, якую Я даў людзям Маім Ізраілю, Я павырываю з іхняй зямлі, а дом Юды выхаплю спасярод іх. А калі выхаплю, зьмілуюся над імі і вярну іх, кожнага на сваю спадчыну і ў сваю краіну”. (11:18-12:5; 9-11;14-15)