У той час апосталы вярнуліся ў Ерусалім з гары, названае Аліўнаю, што непадалёк ад Ерусаліму, за дзень суботняе хады. Вярнуўшыся, яны ўзышлі ў сьвятліцу. Там былі Пётра і Якуб, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Баўтрамей і Мацьвей, Якуб Альфеявы і Сымон Зэлёт, і Юда Якубаў. Усе яны трывалі аднадушна ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Ісуса, і з Ягонымі братамі.
Тады Пётра ўстаў сярод вучняў, – а сабралася іх разам каля ста дваццаці людзей, – і сказаў: “Браты! Трэба было, каб споўнілася тое пісаньне, у якім Дух Сьвяты вуснамі Давіда прадказаў пра Юду, які быў правадыром тых, што схапілі Ісуса. Ён лічыўся адным з нас і меў частку ў нашым служэньні. Дык трэба, каб адзін з тых мужоў, што былі з намі праз увесь час, калі Госпад Ісус быў з намі, пачынаючы ад хрышчэньня Янавага аж да дня, калі Ён узьнёсься (на неба), стаўся разам з намі сьведкам Ягонага ўваскрасеньня”.
I паставілі двух: Язэпа, названага Варсаваю, які меў мянушку Юст, і Мацея. I, памаліўшыся, сказалі: “Ты, Госпадзе, які ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы, каго з гэтых двух Ты выбраў, каб узяў частку апостальскага служэньня, ад якога адпаў Юда, каб ісьці на сваё месца”. I кінулі жэрабя аб іх, і выпала жэрабя на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццацёх апосталаў. (Дз 1:12-17, 21-26)