Згадваючы шчасце набытага збаўлення, св. Павел усклікае: «Як праз Адама смерць прыйшла ў гэты свет, …

Згадваючы шчасце набытага збаўлення, св. Павел усклікае: «Як праз Адама смерць прыйшла ў гэты свет, так праз Хрыста збаўленне было вернута свету» (пар. Рым 5, 12). І ў іншым месцы дадае: «Першы чалавек – з пылу, зямны, а другі Чалавек – з неба, нябесны» (пар. 1 Кар 15, 47).

Пасля ён дадае: «Як мы насілі вобраз зямнога чалавека, а менавіта старога грахоўнага чалавека, так будзем насіць вобраз нябеснага» (пар. 1 Кар 15, 49), а менавіта ператворымся ў Хрысце ў прынятага Богам, адкупленага, адноўленага і ачышчанага чалавека. Той жа Апостал дадае: «Хрыстос – гэта пачатак, здзяйсняльнік уваскрасення і жыцця». Потым ідуць тыя, хто належыць Хрысту, а менавіта жывуць на ўзор Ягонай чыстасці, абапіраючы сваю трывалую надзею на Яго ўваскрасенне. Яны таксама разам з Госпадам атрымаюць абяцаную славу нябеснага жыцця, як кажа сам Госпад у Евангеллі: «Хто пойдзе за Мной, той не згіне, але пяройдзе ад смерці да жыцця» (пар. Ян 5, 24).

Мука Збаўцы – гэта ратунак для чалавечага жыцця. Ён пажадаў памерці дзеля таго, каб мы, якія верым у Яго, жылі вечна. Ён пажадаў часова стаць тым, чым з’яўляемся мы, каб, атрымаўшы абяцанне Ягонай вечнасці, мы вечна жылі разам з Ім.

Вось такой з’яўляецца ласка нябесных таямніц, такі дар Пасхі, такое жаданае штогадовае свята, такія пачаткі адраджальнай рэчаіснасці.

Таму немаўляты, народжаныя святой Царквой у жыццядайнай купелі і адроджаныя ў дзіцячай шчырасці, гучна радуюцца з воклічамі чыстага сумлення. Таму беззаганыя бацькі і сціплыя маці атрымліваюць дзякуючы веры незлічонае новае патомства.

Таму пад дрэвам веры з улоння беззаганай крыніцы ззяе аздоба свечак. Таму ахрышчаныя асвячаюцца дарам нябеснай заслугі і насычаюцца цудоўнай таямніцай духоўнага таінства.

Таму братэрская супольнасць аднаго народу Божага, ускормленая на ўлонні святой Царквы, пакланяецца сутнасці адзінага Бога і патройнаму імені моцы, спяваючы разам з прарокам псальм гэтай урачыстасці: «Вось дзень, які Госпад учыніў, будзем радавацца ў ім і весяліцца» (Пс 118 [117], 24).

Што гэта за дзень? Гэтым днём з’яўляецца сам Хрыстос, Які ёсць пачаткам жыцця, крыніцай і Творцам святла. Ён кажа сам пра сябе: «Я дзень; хто ходзіць днём, той не спатыкаецца» (пар. Ян 8, 12). Маецца на ўвазе, што той, хто ва ўсім ідзе за Хрыстом, дойдзе па Ягоных слядах аж да парогу вечнага святла. Аб гэтым Хрыстос маліўся за нас да Айца, будучы ў зямным целе: «Ойча, хачу, каб тыя, хто ў Мяне паверыў, былі там, дзе і Я. І як Ты ўва Мне, а Я ў Табе, так няхай і яны будуць у Нас» (пар. Ян 17, 20 і наст.).

«Пасхальная гамілія» старажытнага аўтара