У той час стаяў Ян і двое з ягоных вучняў. Угледзеўшы Ісуса, які ішоў недалёка, ён сказаў: “Вось Ягнё Божае”. Два вучні ягоныя пачулі, як ён гэта сказаў, і пайшлі за Ісусам. А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: “Што шукаеце?” А яны Яму сказалі: “Раббі (што ў перакладзе азначае: настаўнік), дзе жывеш?” Ён адказаў ім: “Хадзеце і пабачыце”. I яны пайшлі і пабачылі, дзе Ён жыве, і таго дня засталіся ў Яго. Было ж каля дзесятай гадзіны.
Андрэй, брат Сымона Пятра, быў адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім. Ён сустрэў сьпярша свайго брата Сымона і кажа яму: “Мы знайшлі Мэсію (што ў перакладзе азначае: Хрыстос)”. I прывёў яго да Ісуса. Ісус, глянуў на яго і сказаў: “Ты – Сымон, сын Ёны; ты будзеш называцца Кіфа”, – што ў перакладзе азначае: Пётра (Скала).
На другі дзень Ісус вырашыў ісьці ў Галілею і, знайшоўшы Піліпа, сказаў яму: “Ідзі за Мною”. Быў Піліп з Бэтсаіды, з места Андрэя і Пятра. Піліп сустрэў Натанаіла і кажа яму: “Мы знайшлі Таго, пра каго пісаў Майсей у Законе і Прарокі: Ісуса, сына Язэпа, з Назарэту”. Сказаў яму Натанаіл: “Ці ж можа быць з Назарэту што добрае?” А Піліп яму: “Хадзі і паглядзі”.
Убачыў Ісус Натанаіла, калі той ішоў да Яго, і кажа пра яго: “Вось сапраўдны ізраільцянін, у якім няма крывадушнасьці”. Кажа Яму Натанаіл: “Адкуль Ты мяне ведаеш?” Ісус сказаў яму ў адказ: “Перш як паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад фігавым дрэвам, Я бачыў цябе”. Адказаў Яму Натанаіл: “Раббі, Ты Сын Божы, Ты Цар Ізраіля!” Ісус сказаў яму ў адказ: “Ты паверыў таму, што я сказаў табе: Я бачыў цябе пад фігавым дрэвам? Пабачыш больш за гэта!” I кажа яму: “Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце нябёсы адкрытыя, і анёлаў Божых, што ўзыходзяць і зыходзяць на Сына Чалавечага”. (Ян 1-.35-51)