Такім жа чынам і Дух Святы, будучы адным, аднастайным і непадзельным, раздае ўсім ласкі паводле ўласнага жадання. І як сухое дрэва, атрымаўшы ваду, пускае парасткі, так і грэшная душа, калі праз пакуту стане годнай дару Духа Святога, на прыносіць плады справядлівасці. Такім чынам, адзін аднастайны Дух Святы здзяйсняе з Божай волі і ў імя Хрыста разнастайныя справы.
Аднаму ўдзяляе дар мудрасці слова, другога адорвае прароцкім бачаннем, іншаму дае ўладу выганяць злых духаў, яшчэ некаму ласку тлумачыць Святое Пісанне. Аднаго ўмацоўвае дарам стрыманасці, другога вучыць міласэрнасці; аднаго вучыць вытрымліваць пост і выпрабаванні аскетычнага жыцця; другога – пагарджаць жаданнямі цела; іншага рыхтуе да пакутніцтва. Розны ў розных, але заўсёды адзіны ў сваёй сутнасці, як кажа Пісанне: «Кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць» (1 Кар 12, 7).
Яго прыйсце ціхае і лагоднае, салодкі і духмяны Яго водар, лёгкае ярмо. Ягонаму прыйсцю папярэднічаюць промні святла і ведаў. Ён прыбывае як братэрскі апякун нашага нутра, бо Ён прыходзіць збаўляць, аздараўляць, вучыць, настаўляць, умацоўваць, суцяшаць, асвятляць розум найперш таго, хто Яго прымае, а потым, праз яго і іншых.
Калі сонца з’явіцца таму, хто раней знаходзіўся ў змроку, ён атрымлівае святло для сваіх цялесных вачэй і выразна бачыць тое, чаго раней не бачыў. Так і той, хто аказаўся годным дару Духа Святога, асвячаецца ў душы і, узнесены вышэй за чалавечую сутнасць, бачыць тое, чаго не ведаў.
Катэхеза св. Кірыла Ерусалімскага (Cat. 16, De Spiritu Sancto 1, 11-12. 16: PG 33, 931-935. 939-942)