Сапраўднае, дасканалае і вечнае сяброўстваЁнатан, самы славуты сярод юнакоў, нягледзячы на сваё пах…

Сапраўднае, дасканалае і вечнае сяброўства

Ёнатан, самы славуты сярод юнакоў, нягледзячы на сваё паходжанне і каралеўства, якое чакала яго, заключыў дамову з Давідам, праз што ўстанавіў роўнасць паміж слугою і гаспадаром. Давіда, якога выгнаў ягоны бацька і які хаваўся ў пустынных месцах, які быў асуджаны на смерць і прызначаны на забойства, ён лічыў вышэй за сябе і пры гэтым настолькі, што прыніжаў сябе, а яго ўзвышаў, кажучы: «Ты будзеш каралём, а я буду пасля цябе другім» (пар. 1 Сам 23, 17).

Які цудоўны прыклад сапраўднага сяброўства! Гэта незвычайная рэч! Кароль раззлаваўся на свайго слугу і падбухторыў супраць яго, як свайго быццам бы ворага, усю краіну. Абвінаваціўшы святароў у здрадзе, забівае іх з аднаго толькі падазрэння. Ператрасае лясы, абшуквае даліны, на вяршынях і ўзгорках ставіць збройныя атрады. Усе абяцаюць суцішыць абурэнне караля. Толькі адзін Ёнатан, які павінен мець найбольш прычын ненавідзець Давіда, прызнаў, што трэба супрацьстаяць бацьку, дапамагчы сябру ўцячы, даць параду ў такіх вялікіх выпрабаваннях. Паставіўшы сяброўства вышэй за каралеўства, кажа: «Ты будзеш каралём, а я буду пасля цябе другім». Заўваж, як моцна стараўся бацька абудзіць нянавісць да сябра, зневажаючы сына, пагражаючы пазбавіць каралеўства, паказваючы, што той страціў уласны гонар.

Нават тады, калі Давід быў асуджаны на смерць, Ёнатан не пакінуў сябра: «Чаму Давід павінен памерці? У чым яго віна? Што ён зрабіў? Ён жа рызыкаваў сваім жыццём, ваюючы супраць філістымлянаў, а ты радаваўся. Чаму ён павінен памерці?» (пар. 1 Сам 20, 32; 19, 3). На гэтыя словы ашалелы кароль хацеў прабіць Ёнатана дзідай і, дадаючы да пагрозаў знявагі, усклікнуў: «Сын вераломнай жанчыны, я ведаю, што ты любіш яго на сваю ганьбу і ганьбу тваёй бясслаўнай маці» (пар. 1 Сам 20, 30). Затым выліў усю сваю атруту, каб заразіць ёй сэрца юнака, і дадаў словы, якія павінны былі заахвоціць да амбіцый, выклікаць зайздрасць, распаліць нянавісць і горыч: «Пакуль будзе жыць сын Есэя, не будзе бяспечным тваё каралеўства» (пар. 1 Сам 20, 31).

Каго ж не закранулі б гэтыя словы? Хто ж бы не адчуў зайздрасці? Чыёй любові, павагі і сяброўства не знішчылі б гэтыя словы, не аслабілі б, не асудзілі б на забыццё? Ёнатан, поўны любові, застаўся верным сяброўству. Захоўваючы адвагу перад пагрозамі, будучы нязломным перад знявагамі, аддаў каралеўства за сяброўства, не думаў пра ўласную хвалу, але, памятаючы пра ўдзячнасць, кажа: «Ты будзеш каралём, а я буду пасля цябе другім».

Вось сапраўднае, дасканалае і вечнае сяброўства. Не знішчыць яго зайздрасць, не аслабіць падазронасць, не разарве прага ўлады. Перад вялікімі выпрабаваннямі не адступіць, пад ударамі не зняверыцца; перад цярпеннямі не сагнецца, перад шматлікімі несправядлівасцямі будзе непарушнай. «Ідзі і ты рабі таксама» (Лк 10, 37).

Трактат «Духоўнае сяброўства» бл. Эльрэда, абата (Lib. 3: PL 195, 692-693)