Вось як а. Аляксандар Надсан апісвае тыя падзеі:
“У 1944 годзе перад наступам савецкіх войскаў айцец Гарошка ўцёк у Нямеччыну. У 1945 годзе ён напісаў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю ў Рым справаздачу пра стан Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі i спытаўся, што рабіць далей. Не атрымаўшы адказу і не пытаючыся ў нікога дазволу, ён дабраўся да Рыму i прыйшоў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю. Там нарэшце зьвярнулі на яго ўвагу i нават далі памяшканьне ў Русікуме за кошт Кангрэгацыі. У Рыме айцец Гарошка, атрымаўшы дазвол ад Усходняй Кангрэгацыі, пачаў працу над беларускім малітаўнікам Божым шляхам, які выйшаў на пачатку 1946 году. На той год прыпалі 350-я ўгодкі Берасьцейскай Вуніі 1596 году. З гэтай нагоды папа Пій XII выдаў 25 сьнежня энцыкліку Orientales omnes. Айцец Гарошка пераканаў Усходнюю Кангрэгацыю, што неабходна перакласьці энцыкліку на беларускую мову. Ён таксама настаяў, каб, беручы пад увагу абставіны XX стагодзьдзя, лацінскае слова “Rutheni” (“рускія”) перакладалася як “беларусы i ўкраінцы”. Кангрэгацыя доўга вагалася, але нарэшце згадзілася. Перамога была невялікая, але важная. Да айца Гарошкі ў Рым прыяжджала даволі шмат беларускіх сьвятароў i студэнтаў, але ніводзін зь ix не зрабіў высілкаў, каб царкоўныя ўлады прызналі Беларусь як асобную нацыю з сваімі патрэбамі i памкненьнямі. Можна сьмела сказаць, што назоў “Беларусь” зьявіўся на царкоўнай мапе дзякуючы айцу Льву Гарошку.” (“Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус”, стар. 65-66).
Энцыклікі – лісты, зь якімі рымскія Папы (а таксама кіраўнікі некаторых іншых Цэркваў) зьвяртаюцца да ўсёй Царквы ці паасобных ейных частак. Найчасьцей іх тэмамі становяцца пытаньні веравучэньня. Напрыклад, у сваёй апошняй на сёньня энцыкліцы Fratelli tutti Папа Францішак разважае пра тое, якім магло б быць грамадзтва, збудаванае на ўзаемнай братэрскай любові.
Энцыкліка Orientales Omnes Ecclesias Пія XII – хутчэй гістарычнае эсэ. Яна нам сёньня можа быць цікавай настойлівым сьцвярджэньнем таго, што рымскія Папы імкнуліся захаваць усходні характар “рутэнскай” Царквы: заахвочвалі захоўваць абрады ад лацінізацыі, пагадзіліся на захаванне юліянскага каляндару, атулялі грэка-каталікоў “тою самаю бацькаўскую любоўю, што й іншых каталікоў” (стар. 13).
Orientales Omnes Ecclesias заканчваецца заахвочваньнем выстаяць у выпрабаваньнях у постваенным сьвеце: “Добра ведаем, што вельмі моцныя подступы настаўлены для вашае веры. Ды здаецца трэба баяцца , што ў набліжэйшых днёх магчыма прыйдзецца цярпець шмат бол[ь]шыя крыўды тым, якія ня згодзяцца з[д]радзіць найсьвяцейшую справу веры” (стар. 26).
Энцыкліка стала маніфэстам пра клопат Апостальскай Сталіцы пра беларускіх каталікоў, у тым ліку – усходняга абраду. Вельмі хутка былі створаныя місіі (г. зн. асяродкі) у Парыжы і Лёндане. І