45 мучанікаў з Нікапаля45 мучанікаў з Нікапаля Армянскага прынялі сьмерць за Хрыста ў распаленай пе…

45 мучанікаў з Нікапаля

45 мучанікаў з Нікапаля Армянскага прынялі сьмерць за Хрыста ў распаленай печы каля 319 году, калі імператарамі адначасова былі Ліцыній і Канстанцін Вялікі, а зьверхнікам правінцыі — Лісій.

Ліцыній жорстка перасьледаваў хрысьціянаў. У сваёй усходняй вобласьці імперыі ён выдаў загад аддаваць на мукі і сьмерць усіх, хто ня згодны вярнуцца да паганства. Калі пачаліся перасьледаваньні ў Нікапалі, больш за сорак пасьлядоўнікаў Хрыста вырашылі дабраахвотна зьявіцца да ганіцеляў, адкрыта вызнаць веру ў Сына Божага і прыняць мукі. Сьвятых вызнаўцаў узначальвалі Лявонці, Маўрыкій, Даніла, Антон, Аляксандар, якія вылучаліся сваім дабрадзейным жыцьцём.

Чыноўнік, да якога прыйшлі сьвятыя вызнаўцы, быў зьдзіўлены аднадушнасьцю і мужнасьцю людзей, якія дабраахвотна выракалі сябе на мукі і сьмерць. Ён імкнуўся пераканаць іх адрачыся ад Хрыста і прынесьці ахвяру паганскім багам, але сьвятыя былі непахісныя. Тады чыноўнік загадаў кідаць у твары хрысьціянам камянямі, а потым закаваць і кінуць у цямніцу.

Калі сьвятыя мучанікі апоўначы сьпявалі псалмы, нечакана зьявіўся ім анёл Гасподні, і сьвятло асьвятліла цямніцу. Анёл абвясьціў вязьням, што іх подзьвіг набліжаецца да канца, а іх імёны ўжо запісаныя на нябёсах. Двое вартаўнікоў вязьніцы, Менэй і Вірылад, якія бачылі ўсё, што адбывалася, паверылі ў Хрыста. На наступную раніцу Ліцыній вырашыў аддаць на сьмерць Хрыстовых вызнаўцаў. Пасьля нечалавечых катаваньняў іх спалілі ў печы, а косткі кінулі ў раку. Пабожныя людзі знайшлі іх, сабралі і захавалі. Пазьней, калі была дадзеная свабода Царкве Хрыстовай, на тым месцы быў узьведзены храм у гонар сьвятых 45-ці мучанікаў.