Сьвяты прарок ЕзэкіэльПрарок Езэкіэль — трэці вялікі старазапаветны прарок у Бібліі, належаў да сьв…

Сьвяты прарок Езэкіэль

Прарок Езэкіэль — трэці вялікі старазапаветны прарок у Бібліі, належаў да сьвятарскага роду. Імя прарока Езэкіэля, які жыў на мяжы VII-VI стагоддзяў, азначае «Госпад умацуе».

Жыў у часы, калі правіў юдэйскі цар Яхонія. Юнацкія гады правёў у Юдэі. У 25-гадовым узросьце Езэкіэль — сын сьвятара Бузіі – быў узяты ў палон падчас першага нашэсьця халдэяў на Ерусалім у 598 г. да н. э., разам з царом Якімам і іншымі шляхетнымі юдэямі. Там на пятым годзе свайго палону быў пакліканы Богам на прароцкае служэньне, якому аддаў больш за 22 гады свайго жыцьця.

Будучы сучасьнікам прарока Ераміі, які застаўся ў Ерусаліме, і сьведкам цяжкіх выпрабаваньняў ізраільскага народу, ён пільна сачыў за жыцьцём палоненых суайчыннікаў у Месапатаміі. Паводле Божага натхненьня ён прыняў на сябе шэраг выпрабаваньняў, каб разьдзяліць цярпеньні і пакуты свайго народу. Дом гэтага прарока ў Тэль-Авіве, як і дамы многіх сьвятароў у палоне, стаў месцам, дзе зьбіраліся выгнаныя юдэі (менавіта з такіх дамоў, дзе адбываліся сходы ў эпоху палону, нарадзілася сінагога). Да людзей, якія да яго прыходзілі, прарок зьвяртаў свае палымяныя казаньні. Сваімі прароцтвамі Езекіэль аблегчаў іх лёс, засьцерагаў ад небясьпекаў жыцьця ў палоне і канчатковай гібелі сярод паганцаў. Езэкіэль, пералічваючы грахі Ізраіля і прадказваючы пакараньне, падкрэсьліваў, што Бог жадае ня гібелі беззаконных, але іх пакаяньня (Ез 18, 23). Ён суцяшаў суайчыньнікаў надзеяй на вызваленьне з палону, умацоўваў іх волю і веру ў надыход лепшых часоў.

Паданьне сьцьвярджае, што прарок Езэкіэль быў выдадзены на сьмерць адным з юдейскіх палонных князёў, якога ён выкрываў за ідаласлужэньне і амаральнае жыцьцё. Памёр каля 571 году да н. э. Магіла прарока Езэкіэля ў Іраку ў Эль-Кіфль, на поўдзень ад Багдаду.