=Без каталіцкай навуковай думкі не было б Інтэрнэту, лічыць спікер РПЦ= -Дасягненні сучаснай еўрапе…

=Без каталіцкай навуковай думкі не было б Інтэрнэту, лічыць спікер РПЦ=

-Дасягненні сучаснай еўрапейскай культуры, у тым ліку інтэрнэт, былі б немагчымыя без інтэлектуальнага развіцця каталіцкай думкі, лічыць кіраўнік сінадальнага Аддзела РПЦ па ўзаемаадносінах з грамадствам і СМІ Уладзімір Легайда.

«Калі разглядаць культуру праваслаўную, каталіцкую і пратэстанцкую потым і глядзець, як развівалася еўрапейская цывілізацыя, то, з аднаго боку, сучасныя дасягненні гэтай цывілізацыі, безумоўна, звязаны з развіццём каталіцкай думкі. Не мая ідэя, не мая думка, але, на мой погляд, цалкам правільная – умоўна кажучы, без схаластыкі не было б інтэрнэту», – сказаў Легайда ў мінулы панядзелак на прэс-канферэнцыі ў Маскве.

Прадстаўнік Рускай Праваслаўнай Царквы растлумачыў, што «без інтэлектуальнай традыцыі заходнееўрапейскай багаслоўскай, не было б тых тэхнічных дасягненняў, якія ёсць сёння».

З іншага боку, еўрапейская інтэлектуальная традыцыя прывяла да сумнай, на погляд Легайды, перамогі рацыяналізму, да стагоддзя розуму, да Асветніцтва.

У заключэнне царкоўны дзеяч адзначыў, што ў канцы XX стагоддзя мы былі сведкамі канца праекта Асветніцтва, як назвалі яго многія сучасныя заходнія палітолагі, калі ўяўленне пра чалавека як пра рацыянальную, нулявую велічыню без культурна-гістарычных каранёў скончылася.