Мы павінны зразумець ласкавы намер нашага Бога, бо мы ж разумныя. Ён прамаўляе да нас, бо не хоча, к…

Мы павінны зразумець ласкавы намер нашага Бога, бо мы ж разумныя. Ён прамаўляе да нас, бо не хоча, каб мы, імкнучыся да Яго, блукалі. Ён так прамаўляе да нас: «Ахвяра Богу – гэта скрушаны дух; сэрца, якое праслаўляе свайго Стварыцеля, – гэта водар для Госпада» (пар. Пс 51 [50], 19). Таму трэба нам, браты, рупіцца пра збаўленне, каб не звёў нас вораг і мы не аддаліліся ад нашага жыцця.

Пазбягайма ўсялякай марнасці, адкіньма ўсе справы, што вядуць да зла. Не жывіце адасоблена толькі для сябе, думаючы, што вы ўжо апраўданыя, але збірайцеся разам, імкніцеся да таго, што карысна для ўсіх. Бо Пісанне кажа: «Гора тым, хто лічыць сябе разумным, хто мудры ў сваіх вачах» (пар. Іс 5, 21). Будзьма духоўнымі людзьмі, станьма дасканалай Божай святыняй. Наколькі ўмеем, будзем памятаць пра Божы страх і пастараемся захоўваць Божыя запаведзі, каб знаходзіць радасць у выкананні Божай волі. Госпад непрадузята будзе судзіць свет (пар. 1 П 1, 17). Кожны атрымае ўзнагароду за свае ўчынкі: калі справядлівы, яго справядлівасць пойдзе перад ім; калі дрэнны, яго чакае ўзнагарода бязбожніка. Не будзем пасіўнымі, маючы перакананне, што мы пакліканы, але будзем баяцца спачыць у грахах, каб князь цемры не авалодаў намі і не вырваў нас з Валадарства Божага.

Гэта таксама майце на ўвазе, браты мае. Калі пасля такіх вялікіх знакаў і цудаў, што мелі месца ў Ізраілі, габрэі былі адкінутыя, сцеражыцеся, каб – як напісана – не было сярод вас «шмат пакліканых, але мала выбраных» (Мц 22, 14). 

«Ліст», што прыпісваецца Барнабе