2 жніўня 1595 г. кароль Жыгімонт III пацвярджае ўсе артыкулы, прапанаваныя біскупамі Кіеўскай мітра…

2 жніўня 1595 г. кароль Жыгімонт III пацвярджае ўсе артыкулы, прапанаваныя біскупамі Кіеўскай мітраполіі, прынятыя на Сінодзе ў Берасці 12 чэрвеня 1595 г., выкананне якіх залежала ад яго.

Ад караля, акрамя ўмоў, складзеных у Наваградку ў 1594 г., чакалася зацвярджэння наступных артыкулаў: прызначэнне на пасады мітрапаліта і біскупаў толькі “рускіх” за паходжаннем пасля кананічных выбараў біскупамі чатырох кандыдатаў з наступным зацвярджэннем каралём аднаго з прапанаваных, да абароны ад магчымых дзеянняў з боку ўсходніх патрыярхаў і манахаў дадаецца таксама ўмова пра абарану ад магчымага супраціўлення “людзьмі нашай нацыі”, вяртанне біскупам адабранай раней царкоўнай маёмасці і гарантаванне, што ў будучыні перадача царкоўнай маёмасці не будзе адбывацца без згоды біскупаў.

Таксама жадалі, каб, як і ў Рымскай Царкве, пасля смерці іерарха свецкая ўлада не ўмешвалася ў справы царкоўнай уласнасці, прасілі пра магчымасць мець сваіх прадстаўнікоў у дзяржаўных трыбуналах па абароне правоў і вольнасцей, зраўнанні ў годнасці і прывілеях праваслаўнага духавенства з каталіцкім, права заснавання ўласных школаў і семінарый, судовых паўнамоцтваў над святарамі і абароны ад умяшання з боку свецкіх.

Кароль не выканаў толькі просьбу пра месца ў Сенаце, паколькі апошняе слова было за ўсімі членамі гэтага дзяржаўнага органа.