1 жніўня пачаўся самы малады з чатырох гадавых пастоў – Успенскі пост. З яго дапамогай мы рыхтуемся…

1 жніўня пачаўся самы малады з чатырох гадавых пастоў – Успенскі пост. З яго дапамогай мы рыхтуемся да самага вялікага свята Найсвяцейшай Багародзіцы, яе Успення. Такім чынам мы пераймаем пасты і малітвы Усячыстай Дзевы Марыі, якімі яна рыхтавалася да сустрэчы свайго Божага Сына ў яе святым Успенні.

Першыя згадкі пра Успенскі пост мы маем толькі з IX стагоддзя. Як Пятроўскі і Піліпаўскі, так і гэты пост увайшоў у практыку не праз царкоўнае заканадаўства, а праз звычай.

Адну з самых ранніх згадак пра Багародзічны пост знаходзім у пасланні Папы Мікалая I (858-867) да балгараў, дзе ён піша: “Святая Рымская Царква мае з даўніх-давён звычай захоўваць наступныя пасты: за 40 дзён перад Пасхай, пасля Пяцідзесятніцы, перад Успеннем Багародзіцы, а таксама перад святам Нараджэння Гасподняга”. Некаторыя аўтары сумняваюцца ў аўтэнтычнасці гэтага паслання.

У працы «Аб трох Чатырыдзясятніцах», якую прыпісваюць антыяхійскаму патрыярху Анастасію Сінаіту (VI ст.), гаворыцца пра Успенскі пост як такі, што аддзяліўся ад Пятроўскага, таму што першапачаткова ён доўжыўся ад нядзелі Усіх Святых да свята Успення, г. зн. з Пятроўскага посту быў выключаны ліпень.

Успенскі пост у Візантыйскай дзяржаве ў XI-XII стагоддзях пачаў усё больш уваходзіць у жыццё. Архібіскуп Палестынскай Кесарыі Анастасій, які жыў каля 1090 года, каб заахвоціць вернікаў захоўваць гэты пост, выдаў пра яго асобнае даследаванне, у якім пісаў: «Пост перад Успеннем Найсвяцейшай Багародзіцы перадалі нам святыя Айцы і боскія патрыярхі, яго сумленна захоўваюць усе гарады і краіны праваслаўных, і перш за ўсё вялікі і шчаслівы горад Канстанцінопаль і Вялікая Царква». Нарэшце, аўтар прыходзіць да высновы, што гэты пост ужо быў у практыцы да імператара Льва Мудрага (886-911). Успенскі пост быў тэмаю нарадаў Канстанцінопальскага сабора ў 1166 г. пры патрыярху Луку Хрызавергу (1156-1169) і імператары Мануіле Комніне (1143-1180). Сабор пацвердзіў практыку гэтага посту.