3 жніўня 1927 г. у марыянскім кляштары ў Друі першыя манаскія абеты склаў а. Фабіян Абрантовіч (188…

3 жніўня 1927 г. у марыянскім кляштары ў Друі першыя манаскія абеты склаў а. Фабіян Абрантовіч (1884-1946), каталіцкі святар усходняга абраду, архімандрыт, місіянер, доктар філасофіі, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху ХХ ст., тэарэтык і практык беларускага ўніяцтва, педагог. Як публіцыст выступаў пад псеўданімам Фабіч (Fabič).

Па сканчэнні ў 1906 г. Магілёўскай каталіцкай мітрапалітальнай духоўнай сэмінарыі, якая знаходзілася ў Санкт-Пецярбургу, Абрантовіч працягваў вучобу ў Каталіцкай імператарскай духоўнай акадэміі, якую скончыў са ступенню магістра багаслоўя (1910). У час вучобы ў акадэміі высвечаны ў сан прэзбітара (11.11.1908).

Пасля адрачэння Мікалая ІІ ён і святар Л. Хвецька выступілі як заснавальнікі новай палітычнай партыі — Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці (БХДЗ).

У красавіку 1918 г. Абрантовіч прыехаў у Менск і па даручэнні біскупа З. Лазінскага арганізаваў у горадзе духоўную семінарыю і стаў яе рэктарам. З 29 семінарыстаў 25 былі беларусамі. Акрамя выкладчыцкай і выхавальнай працы ў семінарыі, Абрантовіч штонядзелі і ў святы прамаўляў беларускія казанні ў капліцы Дабрачыннасці.

Ён, як і іншыя беларускія святары, публічна выказваў незадаволенасць канкардатам 1925 г. паміж Ватыканам і Польшчай, у якім ігнараваліся правы і інтарэсы каталікоў-беларусаў.

У 1926 г. яму прапанавалі перайсці ў візантыйскі абрад і адправіцца з місіяй у Манчужрыю, дзе склалася вялікая расійская калонія. Аднак а. Фабіян папрасіўся ў Друйскі манастыр беларускіх айцоў марыянаў. Ён нёс послух выкладчыка гімназіі пры манастыры. 3 жніўня 1927 г. ён склаў першыя манаскія абеты, а ўжо ў снежні яго выклікалі ў Варшаву — у апостальскую нунцыятуру — і зноў прапанавалі адправіцца ў Харбін.

Інтарэсы ватыканскіх чыноўнікаў, якія працавалі ў камісіі Pro Russia і марылі навярнуць у каталіцтва расійскіх эмігрантаў, супадалі з інтарэсамі віленскага мітрапаліта Р. Ялбжыкоўскага, які хацеў вызваліць Друйскі манастыр ад Абрантовіча, Я. Германовіча ды А. Цікоты і быў рады прапанаваць іх Ватыкану ў якасці місіянераў.

Абрантовіч, які пры складанні манаскіх абетаў узяў на сябе абавязак паслушэнства царкоўным уладам, мусіў падацца ў Харбін. Ён быў узведзены ў сан архімандрыта і 31.05.1928 г. прызначаны апостальскім экзархам для тамтэйшых расійскіх грэка-каталікоў.