Шчаслівы той, у чые дзверы стукаецца Хрыстос. А нашымі дзвярамі з’яўляецца вера. І калі яна моцная, то трымае ў бяспецы ўвесь дом. Менавіта праз такія дзверы ўваходзіць Хрыстос. Таму ў кнізе Песні песняў Царква заклікае: «Слухай, мой умілаваны стукае ў дзверы» (Пп 5, 2). Таму пачуй таго, хто стукаецца, пачуй таго, хто хоча ўвайсці: «Адчыні мне, сястра мая, абранніца, мая галубка, ты мая беззаганная, бо раса пакрыла маю галаву, а пасмы валасоў сталі вільготнымі ад кропляў ночы» (Пп 5, 2).
Падумай, што Бог-Слова стукаецца ў твае дзверы асабліва тады, калі Яго галава пакрытая начной расой. У сваёй дабрыні Ён прагне наведаць тых, хто мае спакусы і цярпенні, каб перад абліччам цяжкасцяў абараніць іх ад падзення. Таму Яго Галава пакрываецца расой і кроплямі, калі церпіць Яго цела. Менавіта тады трэба чуваць, каб Абраннік, калі прыйдзе, не адышоў незапрошаным. Калі ж ты спіш, і сэрца тваё не чувае, Ён адыходзіць, нават не пастукаўшы. Калі ж тваё сэрца чувае, тады Ён стукаецца і просіць, каб ты яму адчыніў.
Св. Амброзій Медыяланскі