Мой найдасканалейшы Госпадзе, глянь з любоўю на свой народ, на Містычнае цела Тваёй Царквы. Яшчэ бол…

Мой найдасканалейшы Госпадзе, глянь з любоўю на свой народ, на Містычнае цела Тваёй Царквы. Яшчэ больш уславіцца Тваё святое імя тады, калі прабачыш такой вялікай колькасці Тваіх стварэнняў, а не толькі мне, беднай, якая так моцна пакрыўдзіла Тваю веліч. Як жа я магла б радавацца, калі б убачыла сябе жывой, а Твой народ – ахоплены смерцю, калі б цемра граху з прычыны маёй няправеднасці і няправеднасці іншых стварэнняў ахапіла б Тваю ўмілаваную Абранніцу.

Таму горача прашу аб той невымоўнай ласцы, каб Ты праявіў міласэрнасць да свайго народу ў імя гэтай непараўнальнай любові, якая схіліла Цябе стварыць чалавека на свой вобраз і падабенства. І чаму ж гэта, скажы, Ты адарыў чалавека такой вялікай годнасцю? Несумненна, так сталася толькі з прычыны невыказнай любові, дзякуючы якой Ты ўбачыў сваё стварэнне ў сабе самім і знайшоў у ім асалоду. Аднак я шчыра вызнаю, што праз грэх чалавек справядліва страціў годнасць, да якой быў узняты.

А Ты, якога вяла тая самая любоў і які прагнуў у сваёй дабрыні паяднаць з сабою людзей, даў нам Слова – свайго Адзінароднага Сына, які стаў сапраўдным Пасярэднікам паміж намі і Табою. Ён стаў нашай справядлівасцю. У сабе знішчыў усю нашую няправеднасць і ўсе грахі праз паслухмянасць, якую Ты, Нябесны Ойча, чакаў ад Яго, загадваючы Яму прыняць нашую чалавечую прыроду. 

О непараўнальная глыбіня любові! Якое ж сэрца можа застацца такім цвёрдым і не зварухнуцца, і не задрыжэць, бачачы, што такая ўзнёслая веліч сышла да такой бяздоннай нікчэмнасці. Бо такой менавіта з’яўляецца нашая прырода.

Мы – Твой вобраз, а Ты – наш праз еднасць, якую Ты ўстанавіў паміж сабою і чалавекам. Ты схаваў спрадвечную боскасць пад няшчасным покрывам скажонай чалавечай прыроды. Навошта? Толькі дзеля Тваёй невыказнай любові. Праз гэтую неспасцігальную любоў у пакоры і з усіх сілаў маёй душы малю Тваю Веліч аказаць бедным старэнням сваю ласкавую міласэрнасць.

Св. Кацярына Сіенская