Навошта святым хвала, якую мы ўзносім, навошта ім нашая пашана? Навошта ім зямная хвала, калі паводл…

Навошта святым хвала, якую мы ўзносім, навошта ім нашая пашана? Навошта ім зямная хвала, калі паводле вернага абяцання Сына сам нябесны Айцец адорвае іх хвалою? Навошта ім нашыя спевы? Святыя не патрабуюць нашай пахвалы, і нічога ім не дае нашае пакланенне. На самай справе, калі мы адзначаем іх успамін, то самі маем з гэтага карысць, не яны. Што да мяне, то прызнаюся, што колькі б я не думаў пра святых, адчуваю, як ува мне разгараецца полымя вялікіх жаданняў.

Першае жаданне, якое выклікае або ўмацоўвае ў нас успамін святых, – гэта жаданне быць сярод іх, імкненне заслужыць тое, каб стаць суграмадзянамі і суседзямі блаславёных духаў, гэта надзея далучыцца да сходу патрыярхаў, да супольнасці прарокаў, да шэрагу Апосталаў, да незлічонай колькасці мучанікаў, супольнасці вызнаўцаў, да хору дзеваў, урэшце, з’яднацца і радавацца разам з усімі святымі. «Царква першародных» хоча прыняць нас, але нас гэта мала хвалюе; нас прагнуць сустрэць святыя, а мы не звяртаем на гэта ўвагі; чакаюць нас справядлівыя, а мы марудзім. Абудзімся, урэшце, браты, устанем з Хрыстом. Шукайма таго, што ўгары. Да таго, што ў вышынях, будзем імкнуцца. Будзем прагнуць убачыць тых, хто сумуе па нас, будзем спяшацца да тых, хто нас чакае, ахопім духоўным прагненнем тых, хто выглядае нас. Але нам не толькі трэба прагнуць быць разам са святымі, але таксама ўдзельнічаць у іх шчасці. Калі прагнем іх прысутнасці, з найбольшай руплівасцю будзем таксама здабываць супольную з імі хвалу. Такая руплівасць не вядзе да згубы, і імкненне да такой славы не з’яўляецца небяспекай. 

Другое жаданне, якое абуджае ў нас успамін святых, – гэта жаданне, каб Хрыстос, нашае жыццё, адкрыўся нам таксама як ім, каб і мы апынуліся з Ім у хвале. Цяпер нашая Галава, Хрыстос, аб’яўляецца нам не такім, які Ён ёсць, але якім стаўся дзеля нас – укаранаваны не хвалой, але цернямі нашых грахоў. Недарэчна, каб той, хто належыць да Галавы, укаранаванай цернем, шукаў лёгкага жыцця, бо пурпур не з’яўляецца для яго знакам хвалы, але ганьбы. Калі прыйдзе Хрыстос, ужо не будуць абвяшчаць Яго смерць. Тады пазнаем, што і мы памерлі, а нашае жыццё будзе схаваным у Хрысце. Галава аб’явіцца ў хвале, а разам з ёй заяснеюць праслаўленыя члены. Тады Хрыстос адновіць нашае прыніжанае цела, прыпадабняючы яго да хвалы Галавы, якой з’яўляецца Ён сам.

Мы бяспечна і старанна ідзём да той хвалы. Але, каб мы прагнулі ды імкнуліся да такога вялікага шчасця, мы павінны прасіць дапамогі святых. Праз іх ласкавае заступніцтва мы атрымаем тое, што пераўзыходзіць нашыя магчымасці.

Св. Бернард