Праліў сваю кроў за адзінства ЦарквыПаводле цудоўнага намеру Бога Царква устаноўлена так, каб у паўн…

Праліў сваю кроў за адзінства Царквы

Паводле цудоўнага намеру Бога Царква устаноўлена так, каб у паўнаце часу магла паказаць сябе як вялікая сям’я, што ахоплівае ўсё чалавецтва. Ведаем, што паводле Божай волі вылучаецца яна, акрамя іншых цудоўных рысаў, таксама экуменічнай еднасцю.

Калі Хрыстос Госпад сказаў: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 18-19), не толькі Апосталам даручыў заданне, якое сам атрымаў ад Айца, але таксама пажадаў, каб збор Апосталаў утвараў дасканалую еднасць, каб унутрана быў звязаны самым моцным падвойным вузлом: той самай верай і той самай любоўю, якая «вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога» (пар. Рым 5, 5), а знешне: кіраўніцтвам аднаго над усімі праз даручэнне Пятру першынства сярод Апосталаў, як трывалага прынцыпу і асновы еднасці. Каб гэтая еднасць і згода трывала заўсёды, Бог у сваім Провідзе асвяціў яе нібы адначасова пячаткай святасці і мучаніцтва.

Атрымаць такую славу быў годны архібіскуп Полацка Язафат усходняга славянскага абраду, у якім мы бачым цудоўную хвалу і апірышча ўсходніх славянаў. Бо ніхто больш за яго, напэўна, не праславіў іх імя і не прычыніўся да збаўлення тых народаў, як гэты пастыр і апостал, асабліва, калі праліў сваю кроў за еднасць святой Царквы. Пад уплывам Божага натхнення зразумеў, што найбольш зможа зрабіць для аднаўлення еднасці, калі ў паўсюднай Царкве захавае ўсходні славянскі абрад і базылянскі ўстаў манаскага жыцця.

У клопаце найперш аб еднасці сваіх землякоў з пасадам св. Пятра, усюды шукаў магчымасці будавання гэтай еднасці і яе ўмацавання. Асабліва даследаваў літургічныя кнігі, якія, паводле рэкамендацый Айцоў, выкарыстоўваліся на Усходзе таксама адлучанымі хрысціянамі. Пасля такой стараннай падрыхтоўкі распачаў справу па аднаўленні еднасці. Рабіў гэта з такой моцаю, і адначасова лагоднасцю, і так плённа, што ягоныя ворагі назвалі яго «душахватам».

Энцыкліка Ecclésiam Dei Папы Пія ХІ