«Хто вытрывае да канца, будзе збаўлены» (Мц 10, 22; 24, 13), – гаворыць збаўчы наказ нашага Госпада і Настаўніка. І яшчэ: «Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 31-32).
Дарагія браты, нам трэба цярпець і трываць, каб, атрымаўшы надзею на праўду і свабоду, мы змаглі дайсці да праўды і свабоды. Тое, што мы хрысціяне, ужо само па сабе азначае надзею і веру, але, каб надзея і вера маглі прынесці плён, неабходна цярплівасць.
Мы не імкнёмся да цяперашняй славы, але да будучай, паводле словаў апостала Паўла, які павучае: «Мы ўратаваныя надзеяй. А надзея, калі нехта бачыць, не ёсць надзеяй. Бо, калі хто бачыць, навошта яму яшчэ спадзявацца? Але калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады чакаем цярпліва» (Рым 8, 24-25). Чаканне і цярплівасць неабходныя, каб мы выконвалі тое, да чаго пакліканы, а таксама атрымалі ад Бога тое, на што ўскладаем надзею і ў што верым.
У іншым месцы той жа Апостал заахвочвае да цярплівасці справядлівых і тых, хто сваімі пабожнымі ўчынкамі збірае сабе нябесныя скарбы. Св. Павел кажа ім, павучаючы: «Пакуль ёсць час, будзем рабіць дабро для ўсіх, а найбольш – для родных па веры. Будзем нястомна рабіць дабро, бо ў свой час пажнем» (Гал 6, 10. 9).
Апостал перасцерагае нас, каб чалавек праз нецярплівасць не перастаў рабіць дабро, каб спакуса не затрымала і не звяла яго са шляху да хвалы і славы, каб ён не змарнаваў мінулыя заслугі, калі перастане здзяйсняць дасканалае.
Нарэшце, калі Апостал гаворыць пра любоў, ён далучае да яе цярплівасць і трываласць, кажучы: «Любоў велікадушная, любоў ласкавая, любоў не зайздросціць, не гнявіцца, не злуецца, не задумвае злога, усё любіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё зносіць» (1 Кар 13, 4-5). Гэтымі словамі ён паказвае, што любоў можа цвёрда вытрымаць усё, бо ўмее сцярпець усё.
У іншым месцы св. Павел кажа: «Цярпіце адзін аднаго ў любові, стараючыся захаваць еднасць духа ў саюзе спакою» (Эф 4, 2b-3). Так ён пацвердзіў, што нельга захаваць ні еднасці, ні спакою, калі браты не будуць падтрымліваць адзін аднаго ўзаемнаю любоўю, калі з дапамогай цярплівасці яны не будуць аберагаць згоду.
Св. Кіпрыян