Пасля таго як Бог шмат разоў і па-рознаму гаварыў праз прарокаў, «у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1-2). Паслаў свайго Сына, спрадвечнае Слова, Якое асвятляе ўсіх людзей, каб Ён пасяліўся сярод людзей і расказаў ім Божыя таямніцы. Таму Ісус Хрыстос як уцелаўлёнае Слова і «чалавек, пасланы да людзей», «гаворыць Божыя словы» (Ян 3, 34) і здзяйсняе справу збаўлення, якую даручыў Яму Айцец. Таму Той, бачачы Якога можна бачыць і Айца, усёй сваёй прысутнасцю і аб’яўленнем, словамі і справамі, знакамі і цудамі, асабліва сваёй смерцю і слаўным уваскрасеннем, паслаўшы, нарэшце, Духа праўды, здзяйсняе канчатковае Аб’яўленне і пацвярджае боскім сведчаннем, што Бог ёсць з намі, каб вызваліць нас са змроку граху і смерці і ўваскрасіць для вечнага жыцця.
Таму хрысціянская эканомія як новы і канчатковы запавет ніколі не праміне і перад слаўным прыйсцем нашага Госпада Ісуса Хрыста ўжо не трэба чакаць ніякага новага публічнага Аб’яўлення.
Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне «Dei Verbum» Другога Ватыканскага сабора, 3-4.