Сын Божы з’яўляецца першародным сярод многіх братоў. Будучы па сваёй сутнасці адзіным, Ён ласкаю з’я…

Сын Божы з’яўляецца першародным сярод многіх братоў. Будучы па сваёй сутнасці адзіным, Ён ласкаю з’яднаў з сабою многіх, якія складаюць з Ім адно. Тым, хто Яго прымае, «даў уладу стаць Божымі дзецьмі» (Ян 1, 12).

Стаўшы Сынам Чалавечым, Ён многіх учыніў сынамі Божымі. Бо многіх з’яднаў з сабою як адзіны ў сваёй любові і ўладзе. Хоць людзей паводле цялеснага нараджэння шмат, але паводле нараджэння ад Бога яны – адно разам з Хрыстом.

Бо Хрыстос адзін, цэлы і адзіны, галава і цела. Адзіны Сын адзінага Бога ў нябёсах і адзінай Маці на зямлі. Хоць ёсць шмат сыноў, але Сын адзін. Бо так, як галава і цела – гэта адзін Сын і многія сыны, так Марыя і Царква – адна Маці і многія, адна Дзева і многія.

Абедзве Маці – Марыя і Царква, абедзве – Дзевы; абедзве без пажадлівасці зачалі ад адзінага Духа; абедзве без граху даюць нашчадкаў Богу Айцу. Марыя без ніякага граху нарадзіла для цела Галаву, Царква праз адпушчэнне ўсіх грахоў нарадзіла для Галавы цела. Так, абедзве – гэта Маці Хрыста, але ніводная не нараджае ўсяго адна без адной.

Таму тое, што ў натхнёным Святым Пісанні датычыць увогуле Царквы як Дзевы Маці, датычыць асобна і Дзевы Марыі; што адносіцца асобна да Марыі як Дзевы Маці, тое справядліва адносіцца і да Царквы як Дзевы Маці ўвогуле. І калі гаворка вядзецца пра адну, амаль заўсёды разумеецца і другая.

Таксама і кожная верная душа можа нейкім чынам увасабляць абранніцу Божага Слова, Маці Хрыста, дачку і сястру, дзеву і цяжарную. Таму сама мудрасць Божая, гэта значыць Слова Айца, гаворыць так увогуле пра Царкву, асабліва пра Марыю і таксама пра верную душу.

Адсюль і вынікае: «Я пасялюся ў спадчыне Госпада» (пар. Сір 24, 12). Бо спадчына Госпада – гэта ўвогуле Царква, асабліва – Марыя, і таксама кожная верная душа. У шатры ўлоння Марыі Хрыстос пасяліўся на дзевяць месяцаў; у шатры веры Царквы – аж да сканчэння веку; а ў вернай душы, якая спазнае і любіць, Ён будзе трываць на вякі вякоў.

Бл. Ісаак, абат манастыра Стэла