Калі Марыя пачула гэта, яна не зняверылася ў прароцтве, не страціла даверу да сказанага і не засумнявалася, але ўзрадавалася абяцанню, пабожна прыняла абавязак і ад радасці паспешліва скіравалася ў горы.
Бо куды ўжо было спяшацца поўнай Бога Марыі, як не на вышыні? Ласка Духа Святога не марудзіць. Адразу ж абвяшчаюцца даброты, якія нясе прыйсце Марыі і Божая прысутнасць. «Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым» (пар. Лк 1, 41).
Паглядзі на адрозненне і асаблівасці асобных слоў. Альжбета першая пачула слова, але Ян першы адчуў ласку. Яна пачула звычайным чынам, ён узрадаваўся – таямнічым. Яна адчула прыйсце Марыі, ён – прыйсце Госпада, жанчына – прыйсце жанчыны, і дзіця – прыйсце Дзіцяці. Здзяйсняецца падвойны цуд: жанчыны гавораць пра ласку, немаўляты ва ўлонні здзяйсняюць таямніцу любові для карысці саміх маці, маці прарочаць, натхнёныя дзецьмі.
Узрадавалася дзіцятка, а маці напоўнілася Духам Святым. Маці не напоўнілася Ім раней за сына, але пасля таго, як сын напоўніўся Духам Святым, напоўнілася і маці. Узрадаваўся Ян, узрадаваўся і дух Марыі. Калі радаваўся Ян, Альжбета напоўнілася Духам Святым. Аднак мы даведваемся, што Марыя тады радавалася, не напоўніўшыся Духам, бо Неспасцігальны неспасцігальна дзейнічаў у Маці. Альжбета напоўнілася Духам пасля зачацця, а Марыя – перад зачаццем. «Шчаслівая, – кажа Ёй Альжбета, – бо Ты паверыла» (пар. Лк 1, 45).
Але і вы шчаслівыя, бо пачулі і паверылі. Кожная душа, якая паверыць, зачынае і нараджае Божае Слова і прызнае Ягоныя справы.
Няхай у кожным будзе душа Марыі, каб велічаць Госпада. Няхай у кожным будзе дух Марыі, каб радавацца Богу. Калі паводле цела ў Хрыста ёсць адна Маці, то паводле веры Хрыстос – гэта плод усіх. Бо кожная душа прымае Божае Слова, калі толькі яна беззаганная і свабодная ад недахопаў, калі з бездакорнай цнатлівасцю захоўвае чысціню.
Таму кожная душа, якая зможа быць такой, велічае Госпада так, як душа Марыі велічала Госпада і як Яе дух радаваўся ў Богу, Збаўцу.
Як чытаем у іншым месцы: «Узвялічвай Госпада са мной» (пар. Пс 34 [33], 4). Госпад узвялічваецца не таму, што людское слова можа нешта дадаць да велічы Госпада, але таму, што Ён узвялічваецца ў нас. Хрыстос – гэта вобраз Божы, і таму, калі душа зробіць нешта справядлівае і пабожнае, яна ўзвялічвае той вобраз Божы, на падабенства якога створана. А калі ўзвялічвае яго, праз пэўны удзел у велічы Божай узвышаецца і сама.
Св. Амброзій Медыяланскі