Кожны павінен развіваць, хоць і па-рознаму, сваю пабожнасць: інакш чалавек вышэйшага стану, інакш рамеснік або слуга, інакш князь, удава, дзева або жонка. І гэта нават не ўсё. Яшчэ трэба, каб кожны развіваў пабожнасць адпаведна сваім сілам, заняткам і абавязкам.
Скажы мне, прашу, Філатэя, ці было б добра, калі б біскуп пажадаў жыць у самоце як картузіянцы, калі б жанатыя людзі не больш за капуцынаў клапаціліся пра павелічэнне матэрыяльных дабротаў, калі б рамеснік увесь дзень праводзіў у царкве, як законнік, а законнік займаўся разнастайнымі сустрэчамі і справамі, як тыя, хто абавязаны спяшацца з дапамогай да бліжніх, напрыклад, біскуп? Ці ж такая пабожнасць не была б смешнай, неўпарадкаванай і нязноснай? Але ў той жа час такія памылкі і непаразуменні здараюцца вельмі часта.
Вось жа не, мая Філатэя: пабожнасць, калі яна праўдзівая і шчырая, нічога не руйнуе, але ўсё ўдасканальвае і дапаўняе. Калі ж перашкаджае і супярэчыць праўдзіваму пакліканню або стану, бясспрэчна з’яўляецца фальшывай.
Пчала так збірае мёд з кветак, што не робіць ім ніякай шкоды. Яна пакідае іх непарушнымі і свежымі, так як іх застала. Праўдзівая ж пабожнасць робіць больш: не толькі не перашкаджае ніводнаму пакліканню, ніводнаму занятку, але наадварот, усё ўдасканальвае і ўпрыгожвае.
Так, як шляхетныя камяні, укінутыя ў мёд, набываюць большы бляск, яснеючы сваімі колерамі, так і пакліканне кожнага чалавека ўдасканальваецца і мае большы плён, калі спалучаецца з ім пабожнасць. Пабожнасць спрыяе таму, што кіраванне сям’ёй напаўняецца спакоем, што больш шчырай становіцца любоў сужэнцаў, а паслухмянасць уладзе больш поўнай, што ўсе іншыя заняткі становяцца больш прыемнымі, больш прывабнымі.
Таму памылкай, а нават ерассю з’яўляецца выключэнне пабожнасці з вайсковых казармаў, з рамесніцкіх майстэрняў, з княскіх палацаў, з жылля сужэнцаў. Сапраўды, дарагая Філатэя, пакліканне чыста кантэмпляцыйнае, манаскае і кляштарнае не можа быць рэалізавана пры такіх абавязках і занятках. Аднак апроч гэтых трох відаў пабожнасці існуе шмат іншых, якія здольныя ўдасканаліць свецкіх людзей.
Дзе б мы ні былі, усюды можам і павінны імкнуцца да дасканаласці.
Св. Францішак Сальскі