Новая запаведзьГоспад Ісус сведчыць, што дае сваім вучням новую запаведзь узаемнай любові. «Новую за…

Новая запаведзь

Госпад Ісус сведчыць, што дае сваім вучням новую запаведзь узаемнай любові. «Новую запаведзь даю вам, – кажа Госпад, – каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 13, 34).

Ці не існавала гэтай запаведзі ў старым Божым Законе, дзе было напісана: «Любі бліжняга свайго, як самога сябе» (Лев 19, 18)? Дык чаму Госпад называе новым тое, што, як вядома, такое старое? Можа, гэта запаведзь новая, таму што, зняўшы з нас старую грэшнасць, Ісус апрануў нас у новага чалавека? Дык вось, любоў аднаўляе таго, хто слухае Госпада, ці, хутчэй, паслухмяны Яму. Але маецца на ўвазе не ўсялякая любоў, а тая, пра якую Госпад сказаў: «Як Я палюбіў вас» (Ян 13, 34), – каб адрозніць яе ад цялеснай любові.

Гэтая любоў аднаўляе нас, каб мы былі новымі людзьмі, спадкаемцамі новага запавету, песнярамі новай песні. Гэтая любоў, умілаваныя браты, калісьці аднаўляла праведнікаў, патрыярхаў і прарокаў, а пазней – святых Апосталаў, цяпер жа яна аднаўляе народы і з усяго чалавечага роду, які насяляе зямлю, стварае і збірае новы народ – цела новай абранніцы адзінароднага Сына Божага, пра якую гаворыцца ў Песні песняў: «Дзе тая, якая ўзыходзіць у белым бляску?» (пар. Пп 8, 5). Слушна, што ў белым, таму што адноўленая, а чым жа адноўленая, як не новай запаведдзю?

Поўныя гэтай любові ўсе члены ўзаемна клапоцяцца адзін аб адным, і калі пакутуе адна частка цела, пакутуюць разам з ёй і астатнія часткі; калі праслаўляецца адна частка, радуюцца з ёй і іншыя часткі (пар. 1 Кар 12, 25-26). Бо яны чуюць і захоўваюць словы Госпада: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго» (Ян 13, 34). Яны любяць не так, як грэшныя людзі ў сваёй чалавечай слабасці. Яны ўсе багі і сыны Найвышэйшага, і браты адзінага Сына Божага, таму любяць адзін аднаго такой любоўю, якой палюбіў іх Госпад, каб прывесці туды, дзе ўсе іх жаданні будуць насычаны дабротамі (пар. Пс 103 [102], 5). І кожнае жаданне будзе тады насычана, калі Бог будзе ўсё ва ўсіх (пар. 1 Кар 15, 28).

Такую любоў дае нам той, хто сказаў: «Каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 13, 34).

Ён палюбіў нас для таго, каб мы любілі адзін аднаго. Любячы нас, Ён даў нам моц, каб мы звязаліся паміж сабой узаемнай любоўю і каб, злучаныя салодкай повяззю любові, сталі целам такой Галавы.

Св. Аўгустын