Ці хочаце, каб я нагадаў вам шляхі яднання з Богам? Яны шматлікія і разнастайныя, але ўсе вядуць да неба. Першы – гэта асуджэнне сваіх грахоў. Вызнай свае грахі, каб атрымаць апраўданне (пар. Іс 43, 25-26). Таму прарок кажа: «Я сказаў: “Вызнаю Госпаду мае беззаконні”, – і Ты зняў з мяне віну граху майго» (Пс 32 [31], 5). Дык прызнай жа свае грахі, і гэтага будзе дастаткова, каб Госпад дараваў табе. Бо хто вызнае свае грахі, не так хутка вернецца да іх ізноў. Абудзі сваё сумленне, твайго ўнутранага абвінаваўцу, каб не сустрэць табе абвінаваўцу перад судом Госпада. Гэта найлепшы шлях да паяднання.
Існуе таксама другі, не горшы за першы, а менавіта: не памятаць пра крыўды, панаваць над гневам, дараваць правіны бліжнім. Так робячы, атрымаем адпушчэнне правінаў, якія здзейснілі перад Госпадам. Гэта другі спосаб ачышчэння ад грахоў: «Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, – кажа Госпад, – то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам».
Хочаш ведаць трэці шлях навяртання? Зʼяўляецца ім годная, палымяная малітва, што ідзе з глыбіні сэрца.
Калі хочаш ведаць яшчэ чацвёрты, то назаву міласціну. Яна сапраўды мае вялікую моц.
Больш за тое, калі хто пакорны і сціплы, то гэта знішчае ў ім грахі, і не менш за тое, пра што я сказаў раней. Сведкам гэтага зʼяўляецца мытнік, які не мог прынесці добрыя ўчынкі, але замест іх ахвяраваў цноту пакоры, і праз гэта вызваліўся ад цяжару грахоў.
Вось мы паказалі пяць шляхоў паяднання з Богам. Першы заключаецца ў вызнанні грахоў, другі – у дараванні бліжнім крыўдаў, трэці – у малітве, чацвёрты вядзе праз міласціну, пяты – праз пакору.
Таму не будзь бяздзейным, але штодня ідзі гэтымі шляхамі. Яны лёгкія, не спасылайся на сваю слабасць. Нават, калі жывеш у вялікім недастатку, можаш пазбыцца гневу, вылучацца пакораю, вытрывала маліцца і вызнаваць грахі, і ніякая беднасць не перашкодзіць табе. Але што я кажу? Нават на гэтым шляху ёсць пакуты, калі трэба дзяліцца грашыма (маю на ўвазе міласціну), беднасць не перашкаджае выконваць наказ. Сведчанне гэтаму ўдава, якая ахвяравала дзве лепты.
Паколькі мы навучыліся, як лячыць нашую душу, будзем карыстацца гэтымі лекамі, каб пасля выздараўлення мы маглі з надзеяй падысці да святога стала, каб з вялікай радасцю ісці насустрач Хрысту, Каралю хвалы, і назаўсёды атрымаць вечныя даброты праз ласку, міласэрнасць і дабрыню Ісуса Хрыста, нашага Госпада.
Св. Ян Залатавусны