Як жа добра вызнаваць Госпада і спяваць псальмы імю Твайму, Найвышэйшы! Раніцай абвяшчаць Тваю міласэрнасць, і праўду Тваю — уначы. На дзесяціструнным і на гуслях са спевам пад цытру. Бо пацешыў Ты мяне, Госпадзе, Сваім стварэннем, і я буду радавацца справам рук Тваіх. Якія ж велічныя справы Твае, Госпадзе: надзвычай глыбокімі сталіся задумы Твае! (Псальм 92, 2-6)
Стварыўшы чалавека на Свой вобраз і падабенства, Бог запрашае яго да зносін. Чым больш блізкія адносіны паміж чалавекам і Богам, чым лепш ён спазнае Божую любоў, чым мацней любіць Яго, тым мацней імкнецца жыць і рабіць тое, што Яму дорага.
Запаведзь не вымаўляць імя Госпада, Бога твайго дарэмна – гэта запрашэнне пазнаць, Кім ёсць Бог. Калі чалавек спазнае Бога, тады ён любіць Яго, імкнецца быць у Яго любові і выконваць Яго волю. Бо як я магу мець зносіны з Богам, не ведаючы Яго? Мы найлепш пазнаем, наколькі добры Бог, калі маем зносіны з Ім у малітве, сузіраем Яго ў іконах і людзях, створаных на Яго вобраз і падабенства, захапляемся сусветам і прыродай — Яго стварэннем — і дзейнічаем так, як хоча Бог. Шануючы Бога, з павагай ставімся да бліжняга, саміх сябе, святых рэчаў, прыроды.
Павага да імя Бога – гэта асэнсаванае жаданне праслаўляць Бога як
любячага Айца і Творцу – Які ў Сваёй бясконцай велічы ўсё стварыў і ўсім кіруе. Жыццё Ісуса Хрыста з’яўляецца выдатным прыкладам таго, як гэта рабіць. Ён моліцца, посціцца, вучыць, дапамагае, лечыць. Ісус жыве і дзейнічае з усведамленнем актыўнай прысутнасці Бога. Ён ведае, што паходзіць ад Айца нябеснага, знаходзіцца ў еднасці з Ім і скіроўваецца да Яго. Ісус ведае Айца.
Я — добры Пастыр і ведаю Маіх, і яны Мяне ведаюць, як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыццё Маё аддаю за авечак. (Яна 10, 14-15)