17 верасьня 1939 году Кіева-Галіцкі мітрапаліт Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэй Шаптыцкі на падставе паўнамоцтваў, наданых яму папам Піем Х у 1908 годзе, заснаваў Беларускі экзархат ГКЦ і прызначыў часовым кіраўніком экзархату біскупа Мікалая Чарнецкага, CSsR. Праз год, у кастрычніку 1940 году, першым беларускім экзархам стаў айцец Антон Неманцэвіч, SJ. У дапамогу экзарху была створана Рада Беларускага Экзархату ГКЦ з трох сябраў. Сядзіба экзархату месьцілася ў Альбярціне пад Слонімам, дзе раней знаходзілася Ўсходняя місія айцоў езуітаў. У кастрычніку 1941 году Пій ХІІ зацьвердзіў рашэньне аб стварэньні мітрапалітам А. Шаптыцкім асобнага грэка-каталіцкага экзархату для Беларусі, надаў экзархату статус апостальскага і пацьвердзіў паўнамоцтвы а. Антона Неманцэвіча ў якасьці Апостальскага адміністратара экзархату. З 1943 году (пасьля арышту і мучаніцкай сьмерці а. Антона Неманцэвіча ў турме СД у Менску), пасада экзарха, як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Сьвятога Пасаду, заставалася вакантнай.
У пасьляваенны перыяд легальнае жыцьцё Грэка-Каталіцкай Царквы перанеслася на Захад, дзе былі створаныя беларускія грэка-каталіцкія асяродкі. У жывых заставаліся 2 сябры Рады Беларускага экзархату ГКЦ. Намесьнік экзарха а. Леў Гарошка, які жыў у Парыжы і Лондане, захоўваў архіў экзархату. У 1960 годзе рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі і выхаванец айцоў-марыянаў з Друі Чэслаў Сіповіч быў высьвячаны на першага ў XX стагоддзі беларускага грэка-каталіцкага біскупа і прызначаны Апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў у замежжы.
На тэрыторыі СССР, калі Грэка-Каталіцкая Царква была пад забаронай, грэка-каталіцкіх структур у Беларусі афіцыйна не існавала, але працягвалася жыццё Царквы ў падпольлі. Часовым адміністратарам Беларускага экзархату быў украінскі рэдэмптарыст Васіль Велічкоўскі, які ў 1960-я быў высьвячаны на біскупа і прызначаны месцаахоўнікам ГКЦ у СССР. Час ад часу ў Беларусь прыязджалі ўкраінскія манахі-базыляне, якія таемна служылі набажэнствы на кватэрах у сем’ях вернікаў і ў касьцёлах (Лагішын, Слонім, Індура). У Пінску пры касьцёле да сяр. 1980-х служылі некалькі грэка-каталіцкіх манахіняў з Задзіночаньня Сясьцёр «Дзеці Марыі». Ад 1976 году сістэматычную апостальскую працу ў Беларусі падпольна праводзіў айцец Віктар Данілаў, высьвячаны на грэка-каталіцкага сьвятара ў 1976 годзе ў Львове Зьверхнікам УГКЦ у падпольлі архібіскупам Уладзімерам Стэрнюком. Цэнтрам дзейнасьці айца В. Данілава была Горадня.
Пасьля 1988 году інтэлігенцыя і маладыя вернікі ў Беларусі пачалі рупіцца пра адраджэньне грэка-каталіцкіх структур і грамадзянскую рэгістрацыю сваіх парафіяў у мясцовых органах улады.
Ад 1993 году створаныя грэка-каталіцкія парафіі, арганізаваныя ў дэканат, і вернікі былі даручаны пастырскай апецы архімандрыта Сяргея Гаека ў якасьці Апостальскага візітатара ad nutum Sanctae Sedis.
У