Вялікае тое, што Бог абяцае нам на будучыню. Але яшчэ большае тое, што ўжо зроблена для нас і што мы ўшаноўваем. Дзе былі або чым былі людзі, калі Хрыстос памёр за бязбожных? Хто ж будзе сумнявацца, што Ён дасць сваё жыццё святым, калі даў ім нават сваю смерць? Чаму чалавечая крохкасць вагаецца верыць, што людзі калісьці будуць жыць з Богам?
Самае неверагоднае ўжо здзейснілася, калі Бог памёр дзеля людзей.
Бо хто такі Хрыстос, як не Той, Хто на пачатку быў Словам, а Слова было ў Бога, і Богам было Слова (пар. Ян 1, 1)? Гэтае Слова Божае «сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14). Калі б не прыняло ад нас смяротнага цела, само ў сабе не мела б нічога, што магло б памерці. Так Несмяротны змог памерці і так пажадаў даць жыццё смяротным, каб пасля зрабіць сваімі ўдзельнікамі тых, каго ўдзельнікам стаў спярша Сам. Мы не ад сябе маем жыццё, і Ён не ад Сябе мог памерці.
Ён зрабіў з намі сапраўды дзіўную замену гэтага ўзаемнага ўдзелу: нашым было тое, што Ён змог памерці, а Ягоным будзе тое, што мы зможам жыць.
Св. Аўгустын