Хрысту належала так цярпець і ўвайсці ў сваю славуКалі Хрыстос паказаў праз свае словы і справы, што…

Хрысту належала так цярпець і ўвайсці ў сваю славу

Калі Хрыстос паказаў праз свае словы і справы, што Ён праўдзівы Бог і Госпад сусвету, Ён сказаў сваім вучням, маючы намер ісці ў Ерусалім: «Мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены язычнікам, першасвятарам і кніжнікам на здзек, бічаванне і ўкрыжаванне» (пар. Мц 20, 18-19). Ісус казаў гэта згодна з прадказаннямі прарокаў, якія прадказвалі Яго будучы адыход у Ерусаліме. Так, Святое Пісанне ад пачатку прадказвала смерць Хрыста і Яго муку перад смерцю, а таксама ўсё, што здарылася з Яго целам пасля смерці. У той жа час гаворыць, што Бог, з якім гэта здарылася, не падуладны цярпенню і смерці. Інакш Ён ніколі не быў бы Богам, калі б мы, гледзячы на Яго сапраўднае ўцелаўленне, не атрымалі з гэтага слушных і справядлівых падстаў вызнаваць абедзве рэчы: Яго муку і Яго непадуладнасць цярпенню. Слова Божае, што не падлягае цярпенню, зведала цярпенні з той прычыны, што чалавек не мог збавіцца іншым чынам. Гэта ведае толькі Хрыстос і тыя, каму Ён адкрыў, бо ведае тое, што належыць Айцу, і як Дух пранікае ў найглыбейшыя таямніцы (пар. 1 Кар 2, 10).

Аднак Хрысту належала цярпець, і мука была абсалютна непазбежнай. Сам Ісус сцвердзіў гэта, называючы маруднымі і неразумнымі тых, хто не разумеў, што Хрысту належала цярпець і так увайсці ў сваю славу. Ён прыйшоў дзеля збаўлення свайго народу, пакінуўшы славу, якую меў у Айца да стварэння свету. А збаўленне было спаўненнем таго, што павінна было адбыцца праз муку даўцы нашага жыцця. Кажа пра гэта св. Павел: «Бог учыніў дасканалым праз цярпенні даўцу жыцця» (пар. Гбр 2, 10). Слава Адзінароднага, якой Ён на кароткі час пазбавіўся дзеля нас, была вернута Яму праз крыж і адноўлена ў Ягоным целе. Св. Ян кажа ў сваім Евангелі, чым была вада, пра якую гаварыў Збаўца: «Хто верыць у Мяне, у таго з улоння пацякуць рэкі вады жывой». Гэта сказаў Ён пра Духа, якога павінны былі прыняць тыя, хто паверыў у Яго: бо яшчэ не быў дадзены Дух Святы, таму што Ісус яшчэ не ўславіўся (пар. Ян 7, 38-39). Славай жа называе смерць на крыжы. Таму Госпад, молячыся перад смерцю, прасіў Айца праславіць Яго той славай, якую меў разам з Ім да стварэння свету.

Св. Атаназій Антыяхійскі