Узнясенне Госпада паглыбляе нашу веруЯк падчас велікодных святаў уваскрасенне Госпада было для нас п…

Узнясенне Госпада паглыбляе нашу веру

Як падчас велікодных святаў уваскрасенне Госпада было для нас прычынаю радасці, так Яго ўзыходжанне на неба цешыць нас цяпер, калі мы з належнаю пашанай адзначаем дзень, у які Хрыстос узняў нашую слабую прыроду на трон Бога Айца па-над усе нябесныя войскі, па-над усе шэрагі анёлаў і па-над усе вышыні магуццяў. Такі парадак Божых спраў падмацаваў і пераканаў нас, каб яшчэ больш цудоўнай стала Божая ласка, дзякуючы якой не аслабела нашая вера, не пахіснулася надзея і не астыла любоў, калі з нашых вачэй было забранае тое, што справядліва абуджала нашую пашану.

Гэта сапраўды вялікая сіла духа і яркае святло ў душах вернікаў, калі яны непахісна вераць у тое, чаго не бачылі цялесным зрокам, і накіроўваюць свае жаданні да таго, чаго нельга ўбачыць. Ці нарадзілася б такая любоў у нашых сэрцах і ці апраўдаўся б хто-небудзь праз веру, калі б наша збаўленне заключалася толькі ў тым, што ляжала б перад нашымі вачыма?

Таму тое, што было бачным у нашым Адкупіцелю, перайшло ў таінствы. Каб вера была глыбейшай і мацнейшай, бачанне саступіла вучэнню, а яго аўтарытэт павінны прыняць сэрцы вернікаў, асветленыя нябесным промнем.

Гэтай веры, паглыбленай Узнясеннем Госпада і ўмацаванай дарам Духа Святога, не зламалі ні кайданы, ні вязніцы, ні голад, ні агонь, ні разарванне дзікімі звярамі, ні іншыя вытанчаныя катаванні, прыдуманыя жорскімі пераследнікамі. За гэтую веру змагаліся, не шкадуючы ўласнай крыві, па ўсім свеце не толькі мужчыны, але і жанчыны, юнакі і далікатныя дзевы.

Таму і святыя Апосталы, хоць былі падмацаваныя столькімі цудамі і навучаныя столькімі казаннямі, спалохаліся, бачачы жудасныя пакуты Госпада, і не без ваганняў прынялі праўду пра Яго ўваскрасенне. Аднак яны атрымалі карысць з Узнясення Госпада, паколькі тое, што раней прыносіла ім страх, абярнулася ў радасць, бо яны адкрытымі вачыма сузіралі боства Хрыста, які сядзеў праваруч Айца. І ўжо не затрымлівалі зроку на чалавечым целе Хрыста, але зразумелі ў духу тое, што Ісус не пакідаў Айца, сыходзячы да іх, і не пакінуў вучняў, узыходзячы да Айца.

Тады ж, умілаваныя, Сын Чалавечы паказаў Сябе як Сына Божага больш дасканала і свята, калі вярнуўся да славы Айцоўскай велічы, і невыказным чынам стаў бліжэйшым да нас як Бог, хоць і аддаліўся ад нас як чалавек.

Тады падтрыманая пазнаннем вера пачала набліжацца да пазнання роўнай прыроды Айца і Сына і ўжо не мела патрэбы дакранацца да таго, што цялеснае ў Хрысце, з-за чаго Ён здаваўся ніжэйшым за Айца. Гэтае праслаўленае цела захоўвае сваю сутнасць, але наша вера была паклікана туды, дзе да роўнага Айцу Адзінароднага Сына можна дакрануцца не цялеснай рукой, але духоўным пазнаннем веры.

Св. Лявон Вялікі