Працаваў у Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане. З сярэдзіны 1960-х гадоў прымаў удзел у рэлігійным і культурна-грамадскім жыцці беларускага замежжа. 3 1967 г. намеснік дырэктара Беларускай школы імя Св. Кірылы Тураўскага ў Лондане. З лістапада 1974 г. біскуп Чэслаў Сіповіч накіроўвае а. Роберта ў Рым для дапамогі а. Льву Гарошку ў працы Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. З 1974 г. ён — намеснік галоўнага рэдактара, а з 1977 г. — галоўны рэдактар Беларускай секцыі Радыё Ватыкана. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў 19 гадоў да сваёй смерці.
Вывучаў славянскую і германскую філалогію, арабістыку, гісторыю філасофіі і рэлігіі, беларуска-яўрэйскія літаратурныя сувязі канца ХІХ — пач. ХХ ст. Супрацоўнічаў з часопісам «Божым шляхам», «The Journal of Byelorussian Studies», «Унія». Аўтар прац «Старонкі з гісторыі Царквы ад пачатку да 1850 г.» (1977), «Сістэматычнае і гістарычнае выясненне Боскае Літургіі паводле бізантыйскага абраду» (1991) і інш. Выступаў па Ватыканскім радыё з прамовамі па рэлігійна-царкоўнай гісторыі Беларусі, з малітвамі і казаннямі. Чытаў сваю тэалагічную працу «Бог і чалавек. Дапаможнік тым, што шукаюць праўды»; перапрацаваў для радыёперадач «Кароткі катэхізм для беларусаў-католікаў» А. Я. Рэшаця ў выглядзе рэлігійных гутарак.
(На фота: Вучні і настаўнікі школы Св. Кірылы Тураўскага. Настаўнікі сядзяць (злева направа): а. Фелікс Журня, а. Язэп Германовіч, а. Аляксандар Надсан, а. Роберт Тамушанскі, Лёля Міхалюк).