Бог адкінуў даўнія ахвяры, каб новы Закон Госпада нашага Ісуса Хрыста, пазбаўлены ярма неабходнасці,…

Бог адкінуў даўнія ахвяры, каб новы Закон Госпада нашага Ісуса Хрыста, пазбаўлены ярма неабходнасці, атрымаў ахвяру, якая б не паходзіла ад чалавека. Бо Ён кажа габрэям: «Ці не сказаў Я вашым продкам, калі вывеў іх з Егіпта, каб яны прыносілі Мне ўсеспаленні і ахвяры? Я толькі загадаў ім: “Няхай ніхто не задумвае зло супраць свайго бліжняга; не імкніцеся да фальшывых абяцанняў”» (пар. Яр 7, 22-23).

Мы павінны зразумець ласкавы намер нашага Бога, бо мы ж разумныя. Ён прамаўляе да нас, бо не хоча, каб мы, імкнучыся да Яго, блукалі, як тыя. Ён так прамаўляе да нас: «Ахвяра Богу – гэта скрушаны дух; сэрца, якое праслаўляе свайго Стварыцеля, – гэта водар для Госпада» (пар. Пс 51, 19). Таму трэба нам, браты, рупіцца пра збаўленне, каб не звёў нас вораг і мы не аддаліліся ад нашага жыцця.

Ім жа, габрэям, Ён зноў кажа: «Навошта посціце для Мяне, як сёння, каб быў чутны ваш голас на вышынях? Хіба такі Я выбраў пост, калі чалавек утаймоўвае душу сваю?» (пар. Іс 58, 4-5). Нам жа кажа: «Вось пост, які Я выбраў: разбі кайданы беззаконня, развяжы путы няволі, адпусці на свабоду прыгнечаных і разарві несправядлівую дамову. Дзяліся з галодным сваім хлебам, апрані голага, якога ўбачыш, і пусці ў дом бедных вандроўнікаў» (пар. Іс 58, 6-10).

Пазбягайма ўсялякай марнасці, адкіньма ўсе справы, што вядуць да зла. Не жывіце адасоблена толькі для сябе, думаючы, што вы ўжо апраўданыя, але збірайцеся разам, імкніцеся да таго, што карысна для ўсіх. Бо Пісанне кажа: «Гора тым, хто лічыць сябе разумным, хто мудры ў сваіх вачах» (пар. Іс 5, 21). Будзьма духоўнымі людзьмі, станьма дасканалай Божай святыняй. Наколькі ўмеем, будзем памятаць пра Божы страх і пастараемся захоўваць Божыя запаведзі, каб знаходзіць радасць у выкананні Божай волі. Госпад непрадузята будзе судзіць свет (пар. 1 П 1, 17). Кожны атрымае ўзнагароду за свае ўчынкі: калі справядлівы, яго справядлівасць пойдзе перад ім; калі дрэнны, яго чакае ўзнагарода бязбожніка. Не будзем пасіўнымі, маючы перакананне, што мы пакліканы, але будзем баяцца спачыць у грахах, каб князь цемры не авалодаў намі і не вырваў нас з валадарства Госпада.

“Ліст Барнабы”