Болей за стагоддзе лагішынцы-каталікі і частка былых уніятаў цьвёрда абаранялі сваю веру, у пэўны перыяд нават ня маючы ўласнай сьвятыні. Пазбаўленыя ўласнай сьвятыні, лагішынскія каталікі вымушаныя былі некалькі дзесяцігоддзяў шукаць духоўнай падтрымкі ў бліжэйшым да іх касьцёле ў Пінску, што знаходзіцца за 25 км. Толькі пасьля аб’яўленьня ў 1905 г. указа аб верацярпімасьці ў Расейскай імперыі яны змаглі набыць участак зямлі і пабудавалі ў 1907–1909 гг. мураваны Петрапаўлаўскі касьцёл у стылі неаготыкі. Яго асьвяціў магілёўскі біскуп Вінцэнт Ключынскі 14 ліпеня 1913 г.
З таго часу касьцёл у Лагішыне ніколі не зачыняўся. Нават у пасьляваенныя часы змаганьня з рэлігіяй у касьцёле сьвятых апосталаў Пятра і Паўла правіліся набажэнствы, хоць часам парафія ня мела свайго сьвятара, а савецкая ўлада ўсяляк абмяжоўвала і перыядычна забараняла пробашчу адпраўляць публічныя набажэнствы.