Бог – адзіны і бязмежны, наймудрэйшы, найсвяцейшы і найласкавейшы, Госпад, Стварыцель і наш Айцец, П…

Бог – адзіны і бязмежны, наймудрэйшы, найсвяцейшы і найласкавейшы, Госпад, Стварыцель і наш Айцец, Пачатак і Канец, Мудрасць, Моц і Любоў – усё гэта Бог. Сапраўды, усё, што знаходзіцца па-за Богам, мае каштоўнасць настолькі, наколькі адносіцца да Бога, Стварыцеля ўсяго і Адкупіцеля чалавека, да мэты ўсяго стварэння. Ён адкрывае нам Сваю волю праз мноства Сваіх чынаў на зямлі і прыцягвае нас да Сябе, маючы намер праз нас прыцягнуць да Сябе таксама іншыя душы і злучыць іх з Сабою дасканалай любоўю.

Глядзі, брат, якую годнасць мае наш стан дзякуючы Божай міласэрнасці. Праз паслухмянасць Божай волі мы дасягаем межаў нашай нікчэмнасці і ўзрастаем; гэта прадбачлівая воля, бязмежная ў сваёй мудрасці, вядзе нас верным шляхам. На самай справе, паслухмяныя гэтай волі, без якой нішто не можа быць створана і якую нішто не можа спыніць, мы станем больш моцнымі.

Гэты шлях мудрасці і разумення – адзіны шлях, на якім мы зможам аддаць найвышэйшую хвалу Богу. Калі і ёсць іншая, лепшая дарога, то Хрыстос Сваім словам і прыкладам, безумоўна, нам бы яе паказаў. Яго спосаб жыцця ў Назарэце Пісанне апісвае наступным чынам: «Быў паслухмяны iм» (Лк 2, 51). Гэты жыццяпіс пазначае нас знакам паслухмянасці, якой адзначаўся Ён, Які праходзіў па розных месцах, выконваючы волю Айца.

Дык уславім, браты, уславім умілаванага нябеснага Айца, і няхай нашая паслухмянасць стане доказам пашаны Яго міласэрнасці, да якой мы павінны імкнуцца; яна патрабуецца ад нас па нашай уласнай волі як наш ахвярны дар.

Св. Максіміліян Марыя Кольбэ