Хтосьці скажа мне: «Грэх Адама справядліва перайшоў на ўсіх людзей, бо ўсе паходзяць ад яго; а ці ж мы паходзім ад Хрыста, каб мець права атрымаць ад Яго збаўленне?» Не трэба разумець гэта ў цялесным сэнсе. Я пакажу вам, якім чынам праз Хрыста мы былі адроджаныя.
У апошнія часы Хрыстос прыняў душу і цела з Марыі. Прыйшоў збавіць цела чалавека, не пакінуў яго ў адхлані, злучыў са Сваім духам і зрабіў яго сваім. Гэта менавіта заручыны Госпада, заключаныя ў адным целе, каб сілай такой вялікай таямніцы Хрыстос і Царква сталі двое ў адным целе.
З гэтых заручынаў, на якія сыходзіць Дух Госпада, нараджаецца хрысціянскі народ. Праз спалучэнне нябеснага з душой мы ўзрастаем ва ўлонні маці; а прыйшоўшы на свет, мы атрымліваем жыццё ў Хрысце. Таму Апостал кажа: «Першы чалавек Адам стаў жывой істотай, апошні Адам – жыватворным духам» (1 Кар 15, 45). Вось так Хрыстос нараджаецца ў Царкве праз пасрэдніцтва сваіх святароў паводле словаў таго ж Апостала: «Я нарадзіў вас у Хрысце» (1 Кар 4, 15). Хрыстос сілай Свайго Духа кліча да жыцця ва ўлонні Царквы новага чалавека; нараджаецца ён ля крыніцы хросту на руках святара праз веру.
Таму трэба прыняць Хрыста, каб Ён мог нас адрадзіць. Апостал Ян так кажа: «Тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі» (Ян 1, 12). Гэта не можа адбыцца інакш, як толькі праз таінствы хросту і мірапамазання і праз паслугу біскупа. Хрост ачышчае ад грахоў, мірапамазанне дае Духа Святога, і адно і другое мы атрымліваем праз паслугу рук і вуснаў біскупа. Такім чынам увесь чалавек нараджаецца нанова і аднаўляецца ў Хрысце, «каб, як Хрыстос уваскрос, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці» (Рым 6, 4). Гэта значыць, каб мы, пазбыўшыся памылак даўняга жыцця, пры дапамозе Духа вялі новае жыццё ў Хрысце.
Св. Пацыян Барселонскі