Некаторыя старажытныя тыпікі падаюць, што на свята Успення, а не на Перамяненне, трэба бласлаўляць вінаград. У грэцкім Нікола-Касулянскім тыпіку ХІІ-ХІІІ ст. чытаем: «Трэба ведаць, што на Успенне Найсвяцейшай Багародзіцы 15 жніўня пасля Боскай Літургіі будзе блаславенне вінаграду, які па старадаўнім звычаі спажываем у царкве». Пра тое ж гаворыць Сінайскі тыпік 1214 г. Тыпік Лаўры св. Атанасія на Афоне прыпісвае блаславенне вінаграду на 15 жніўня.
У нас ёсць звычай бласлаўляць на Успенне зёлкі. У гэтым букеце традыцыйна было месца для ўсяго: збожжа, садавіны, прыгожых кветак; да яго таксама ахвотна давалі лекавыя травы з саду і дзікія карысныя расліны (капытнік, мацярдушку, палын, мяту і інш.).
Як і асвечаныя вербы ў Вербную нядзелю, гэты букет нельга проста выкінуць. Яго трэба высушыць і выкарыстаць, ці хаця б спаліць, а попел развеяць у садзе або на агародзе.