30 жніўня – 1 верасня 1932 г. адбылася ІІІ унійная канферэнцыя ў Пінску. Колькасць удзельнікаў ІІІ …

30 жніўня – 1 верасня 1932 г. адбылася ІІІ унійная канферэнцыя ў Пінску.

Колькасць удзельнікаў ІІІ канферэнцыі стала найбольшай за час правядзення – 117 удзельнікаў, з іх 89 святароў (астатнія – семінарысты), з якіх траціна (30 чалавек) належала да візантыйска-славянскага абраду, 5 біскупаў. На мінулым з’ездзе ніводзін святар не прадстаўляў украінскія праваслаўныя тэрыторыі, а на гэты раз іх прыбыло ажно 10.

Новы пінскі рыма-каталіцкі біскуп Казімір Букраба (біскуп Лазінскі памёр у канцы сакавіка 1932 г.) узначаліў канферэнцыю. Большасць дакладаў тычыліся розных аспектаў распаўсюджвання ўніяцкай акцыі на ўкраінска-беларускіх землях, аналізуючы яе стан, праблемы і накірункі развіцця, і гэта выклікала разважанні і прапановы.

На той момант агульная колькасць уніятаў складала 23 800 вернікаў, 46 святароў і 4 дыяканы. З 5 ахопленых місіяй лацінскіх дыяцэзій (Віленскай, Пінскай, Луцкай, Падляскай і Люблінскай) найбольш верных неа-уніятаў мела Луцкая – 11 000, а найменшая – Люблінская – 500. Найбольш адкрытымі на унійную акцыю рэгіёнамі былі Холмшчына і часткова Валынь.

Аналізуючы чыннікі, якія стрымлівалі развіццё унійнай акцыі, выступоўцы яшчэ раз вымушаныя былі канстатаваць, што, з аднаго боку, гэта пастаянныя моцныя выпады з боку Рыма-Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў, а з другога, шэраг праблем і рознагалоссяў унутры самога ўніяцкага лагера, у тым ліку адсутнасць духавенства, адпаведнай літаратуры і сродкаў на будаўніцтва храмаў і капліц.

Паказальна, што надзённай неабходнасцю для паспяховага распаўсюджвання акцыі выступоўцы назвалі прызначэнне асобнага ардынарыя візантыйска-славянскага абраду, які б вырашаў і рэгуляваў абрадавыя, літургічныя, дысцыплінарныя праблемы і быў незалежны ад лацінскіх біскупаў.

Канферэнцыя традыцыйна завяршылася ўрачыстым набажэнствам у грэка-каталіцкім абрадзе, якое адслужыў біскуп Чарнецкі ў саслужэнні шматлікага духавенства і хору навучэнцаў Пінскай духоўнай семінарыі.

Згодна з пастановай ІІІ Пінскай канферэнцыі польскі епіскапат пастанавіў на працягу 18-25 студзеня 1933 г. правесці г.зв. унійны тыдзень, каб у гэты час асаблівым чынам прасіць Госпада пра яднанне ўсіх у адзінай Хрыстовай Царкве.